BE RU EN

Навошта Лукашэнка ўвесь час паўтарае пра сяўбу і жніво?

  • 11.10.2021, 21:23

Насуперак меркаванню Таракана, Беларусь - не аграрная краіна.

Лукашэнка пераконвае беларусаў, што іх выратуе традыцыйны ўклад жыцця. Для падтрымкі эканомікі беларусам важна клапаціцца пра збор ураджаю, а дзецям у школах - вырошчваць яблыкі. Ці мае гэта дачыненне да эканомікі? Высвятляў сайт naviny.online.

Аграрыі саступаюць айцішнікам

Лукашэнка, кажучы аб сельскай гаспадарцы 5 кастрычніка, адзначыў яе стратэгічную ролю, казаў, што «сяўба азімых - пытанне нумар адзін», «аб'яўленая трывога» і гэтак далей.

Між тым, як адзначыў эканаміст BEROC Леў Львоўскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, паводле звестак Белстата ў сельскай гаспадарцы задзейнічаны 8,7% занятых у эканоміцы беларусаў, якія ствараюць 6,7% ВУП. Гэта істотна саступае ІТ-сферы з яе 10,3% у год.

І гэта сусветны трэнд, адзначыў эканаміст. «Такім чынам, насуперак распаўсюджанай думцы, Беларусь не з'яўляецца аграрнай краінай. І дзякуй Богу», - напісаў Львоўскі.

Ён растлумачыў свой пункт гледжання тым, што «ўласна сельская гаспадарка - гэта не тая сфера эканомікі, якая можа з'яўляцца пунктам росту. Нават там, дзе яна высокатэхналагічная і развітая, асноўны эканамічны рост прыпадае на іншыя індустрыі».

На думку эканаміста, калі б Беларусь была краінай, дзе 20-30% ВУП прыпадае на гэты сектар, праблем у нас было б значна больш. Гэта б азначала, што перш чым пачынаць расці, нам трэба было б перанавучыць значную долю работнікаў.

Адказваючы на пытанне, ці не тармозіць такі падыход развіццё краіны, Львоўскі сказаў, што «трохі тармозіць, таму што лепш рэсурсы, увагу чыноўнікаў накіроўваць у сферы, дзе можна дасягнуць росту».

Навошта Лукашэнка ўвесь час паўтарае пра сяўбу і жніво?

Лукашэнка на працягу ўсяго свайго праўлення кажа пра значнасць сельскай гаспадаркі. Львоўскі мяркуе, што той успамінае пра 90-я.

«Так, СССР сапраўды змог давесці сотні мільёнаў людзей да галечы, а некаторыя рэгіёны - да голаду ў выніку дрэннай палітыкі, якая праводзілася на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Калі казаць аб харчовай бяспецы, цяпер голад ёсць толькі ў самых неразвітых краінах і краінах, дзе эканамічныя памылкі здзяйсняліся наўмысна і таксама многія гады: Венесуэла, Паўночная Карэя, Куба, краіны Афрыкі», - сказаў Львоўскі.

На яго думку, Лукашэнка кажа пра значнасць аграрнага сектара, зыходзячы не з эканамічных, а з палітыка-псіхалагічных фактараў.

Гэты пункт гледжання падзяляе старэйшы аналітык Цэнтра новых ідэй сацыёлаг Генадзь Коршунаў: «Можна казаць пра нейкі прапагандысцкі складнік прамоў аб сельскай гаспадарцы, пра пасыл простаму народу».

Разам з тым, падкрэсліў эксперт, праблема ў тым, што «грамадства вырасла, абагнала ўладу, а сама ўлада гэтага не разумее». З году ў год вядзецца размова аб хлебе, аб зборы ўраджаю не як аб руцінным мерапрыемстве, а як пра аўральнае. І выяўляецца цыклічнае мысленне традыцыйнага грамадства, адзначыў Коршунаў.

«Адбываецца рэдукцыя дзяржавы»

Гэта мысленне выліваецца ў дзеянні. Свежы прыклад - на нарадзе па сельскай гаспадарцы Лукашэнка, як паведаміла ягоная прэс-служба, прапанаваў замацаваць за школамі і ўніверсітэтамі яблыневыя сады. Ён прыгадаў, што раней «былі падсобныя гаспадаркі, у кожнай школе. І дзеці нарыхтоўвалі сябе на ўсю зіму да наступнага ўраджаю і моркву, і буракі, і капусту - тое, што трэба да стала».

Кажучы аб выкарыстанні дзіцячай працы ў школах, Коршунаў звярнуў увагу на тое, што сёння выкарыстанне дзіцячай працы не вельмі ўкладваецца ў юрыдычныя нормы.

«Акрамя таго, - сказаў ён, - такія ідэі - з мінулага, яны не арыентаваны на пабудову будучыні. Ды і ў цэлым знаходзяцца па-за педагагічным профілем. Гэта спосаб самасцвярджэння прадстаўнікоў улады і кантролю над грамадствам, што ў цэлым дэструктыўна ўплывае на сістэму адукацыі. Няправільна прымушаць дзяцей выконваць у школе фізічную працу, якая не ўваходзіць у школьную праграму. Я ўжо не кажу, што гэта няпрофільная дзейнасць і для выкладчыкаў».

Апошнія навіны