Белстат перастаў публікаваць статыстыку пра экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў
- 13.07.2021, 22:40
Гэтыя галіны патрапілі пад санкцыі.
Пасля ўвядзення сектаральных эканамічных санкцый Белстат перастаў публікаваць справаздачнасць аб экспарце прадукцыі нафтаперапрацоўчай і калійнай галін.
13 ліпеня Белстат апублікаваў звесткі аб знешнім гандлі за студзень-травень. У частцы статыстыкі, дзе ўсе экспартаваныя і імпартаваныя тавары пералічаныя ў выглядзе адзінай таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, не стае трох раздзелаў. Гэта мінеральныя прадукты, тавары хімічнай і звязанай з ёй прамысловасці, а таксама пластмасы, гума і вырабы з іх. Простымі словамі гэта раздзелы, звязаныя з нафтаперапрацоўчай і калійнай прамысловасцю.
У Белстаце заявілі, што перасталі публікаваць гэтыя звесткі, але не патлумачылі прычыну. «Орган статыстыкі любой дзяржавы самастойна вызначае, якія звесткі публікаваць, а якія - не. Гэта прадугледжана дзейнай палітыкай па распаўсюдзе афіцыйнай інфармацыі», - пракаментавалі ў арганізацыі выданню «Интерфакс».
«Парадак распаўсюджвання і (або) прадстаўлення карыстальнікам афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, якая фармуецца органамі дзяржаўнай статыстыкі, устанаўліваецца Нацыянальным статыстычным камітэтам», - гаворыцца ў адным з пунктаў загаду аб зацвярджэнні палітыкі распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.
Знікненне са статыстычных звестак экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў супала з увядзеннем Еўразвязам сектаральнай санкцый супраць гэтых галін. Палажэнне аб увядзенні ЕЗ абмежаванняў у імпарце і транспартаванні беларускіх тавараў нафтаперапрацоўчай і калійнай прамысловасці было прынятае 24 чэрвеня.
Сёлета экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў істотна вырас у параўнанні з няпростым пачаткам 2020-га, калі Менск і Масква вялі няпростыя перамовы ў пастаўках нафты, а краіны мінімізавалі знешнегандлёвую дзейнасць у перыяд локдаўна. На экспарце нафтапрадуктаў у студзені-красавіку гэтага года Беларусь зарабіла 1,47 млрд даляраў. Пры гэтым больш чым на 700 млн даляраў нафтапрадуктаў прадалі ў краіны ЕЗ. Экспарт калійных угнаенняў за той жа перыяд прынёс 834 млн даляраў, з іх у красавіку зарабілі 225 млн даляраў.
Нагадаем, раней Белстат перастаў публікаваць звесткі аб смяротнасці за 2020 год.