Латыніна: Пытанне ў тым, хто каго здыме: Пуцін генералаў ці яны - Пуціна
- 7.06.2022, 21:38
Ці дастане малпа руку са збана.
Амерыканскія ваенныя экспэрты канстатуюць, што расейскае камандаванне працягвае чыніць ва Украіне тыя ж памылкі, што і ў пачатку ўварвання, з-за чаго «вялікі наступ» на Данбасе зусім не такі вялікім, як заяўлялі, а войскі ўсё больш дэмаралізаваныя. Публіцыст Юлія Латыніна аналізуе, як змянілася тактыка РФ у вайне і да чаго гэта вядзе.
- Мне здаецца, экспэрты NYT не маюць рацыі, бо памылкі прымудраюцца рабіць ужо зусім іншыя, усё новыя і новыя, - адзначыла Латыніна ў інтэрв'ю Украіна 24. - На першым этапе ваенных дзеянняў, наколькі я разумею, мела месца прасоўванне неабароненымі калонамі, у поўнай упэўненасці, што зараз удзячныя ўкраінскія сяляне сустрэнуць расейскія войскі кветкамі.
Нават адзін дэпутат, Картаполаў, у Дзярждуме на гэтым тыдні паскардзіўся, маўляў, як нядобра атрымалася ва Украіне: «нашы войскі спачатку ўвайшлі, не страляючы». Праўда, гэта навіна для тых жыхароў Харкава, якіх пачалі абстрэльваць літаральна праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, не гаворачы ўжо пра тых людзей, на каго ў першыя моманты вайны падалі расейскія ракеты.
Тым не менш, гэты Картаполаў так шчыра сказаў: мы ўвайшлі з самымі добрымі намерамі, і тут якая хітрасць, хто б падумаў! - украінцы пачалі па нас страляць…
Першапачаткова расейскія войскі зрабілі гэтую памылку, і атрымалі сабе ў фланг калоны «Стугну» або «Джавелін», а часам самы звычайны РПГ. А зараз яны робяць іншыя памылкі, таму што змянілі тактыку: наступаюць з дапамогай гарматнага мяса, ідуць агнявым валам і б'юць па пляцах.
У гэтым сэнсе яны засцераглі свае тылы — на Данбасе ўжо не так пастраляеш па флангах калон. Але высвятляецца, што тут ёсць іншая непрыемнасць.
Калі ў сучаснай вайне ты засяроджваеш вялікую, гіганцкую масу людзей для таго, каб ператварыць іх у гарматнае мяса і штурмаваць, скажам, горад Севераданецк, а супраціўнік падвёз сучасную артылерыю, то раптам гэтая маса людзей, якая павінна была "наваліцца і ўзяць", становіцца вельмі зручнай мішэнню для абстрэлу.
А тая артылерыя, якая страляла ў божае святло як у капеечку і брала агнявым валам, становіцца прынаднай здабычай для «сямсот семдзесят сёмых». Тры сямёркі (амерыканскія гаўбіцы М777, Украіна атрымае іх блізу сотні - С.) - гэта з гэтага часу не портвэйн.
На нашых вачах Севераданецк ператвараецца ў гэткую Хадынку для расейскіх войскаў, яны апынаюцца ў становішчы мурашак, якія абляпілі кавалак мокрага цукру і думалі, што яго зжаруць - а кавалак цукру ляжаў у пастцы, і цяпер гэтых мурашак раздушаць.
Справа нават не ў тым, каму будзе ў выніку належаць Севераданецк, а ў тым, што пры штурме яго загіне такая вялікая колькасць расейскіх войскаў, што замест словазлучэння «Пірава перамога» зараз будзе слова «Севераданецкая перамога».
Сцвярджаць гэта можна зусім дакладна - няма ніякіх шанцаў, што расейскія генералы скажуць: ой, што ж мы нарабілі, трэба выцягваць войскі з пасткі, гэта ж «кацёл без катла», давайце адыходзіць... Гэта псіхалагічныя асаблівасці расейскага войска: генералы ўжо паведамілі Пуціну, што Севераданецк узяты, Кадыраў ужо паведаміў аб гэтым.
Так здараліся на гэтай вайне ўсе Чарнабаеўкі, усе Белагораўкі, і будзе здарацца Севераданецк — калі Пуціну паведамілі, значыць, трэба браць усялякім коштам, і малпа лапу са збана не выме.
Ці могуць расейскія вайсковыя начальнікі - Дворнікаў, Герасімаў, Шайгу і іншыя, хто раптам знік з публічнай прасторы - быць адхіленыя ад камандавання за няўдачы? На думку Юліі Латынінай, «вялікая сварка» ў Крамлі яшчэ наперадзе - дагэтуль незадаволенасць Пуціна выяўлялася, умоўна кажучы, у перастанове ложкаў, то бок камандзіраў «спецаперацыяй».
- Па-сапраўднаму галовы паляцяць, калі ўкраінскія войскі пяройдуць у контрнаступл. І тут ужо Пуцін будзе не проста здымаць генералаў, тут усё пытанне ў тым, хто каго здыме: Пуцін генералаў, каб скінуць на іх адказнасць за няўдалы наступ, або яны - Пуціна, - мяркуе публіцыстка.