BE RU EN

Украінскія выведнікі знішчылі ДВГ марской пяхоты РФ у Харкаўскай вобласці

  • 18.07.2022, 20:50

Захоплены камандзір звязу.

Выведная група "Кедр" Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны правяла спецыяльную аперацыю ў Дземянціеўцы Харкаўскай вобласці, у выніку якой была выяўленая і абясшкоджаная расейская дыверсійна-выведная група.

Аб гэтым паведамілі 18 ліпеня ў ГУВ і апублікавалі відэа з месца аперацыі.

"У выніку агнявога знішчэння 36 акупантаў былі знішчаныя. Шмат якія рашысты атрымалі раны рознай ступені цяжкасці. Пазней "Кедр" разам з падраздзяленнямі мясцовай ТА і Нацыянальнай гвардыі... прымусіў ворага адысці з пазіцый, нягледзячы на значную колькасную перавагу", – гаворыцца ў паведамленні.

У выніку аперацыі, паводле звестак ГУВ, былі здабыты шматлікія трафеі і ўзяты ў палон паранены камандзір звязу варожай ДВГ. Ім выявіўся 33-гадовы ўраджэнец Запарожскай вобласці Станіслаў Трутнеў.

"Гэта вайсковец 140-га аддзела спецыяльнага прызначэння барацьбы з падводнымі дыверсійнымі сіламі ды сродкамі Паўночнага флоту ВМФ РФ (в/ч 69068, Відзяева, Мурманскай вобласці). Тры гады таму быў адпраўлены ў групоўку ўзброеных сіл РФ у Сірыі", – паведамляе ГУВ.

Палоннаму далі першасную медыцынскую дапамогу на полі бою, цяпер ён знаходзіцца ў адной з украінскіх медыцынскіх устаноў.

На відэа, апублікаваным ГУВ, ёсць запіс з Трутневым з шпітальнай палаты, на якой ён кажа, што ягоная група заходзіла ва Украіну праз Белгарад. "Асноўная задача была ўзяць вышыню. У першыя ж дні страцілі... ды амаль усіх страцілі. Збольшага былі страты праз тое, што людзі адыходзілі самі", - расказаў ён.

Больш поўную версію відэа з Трутневым апублікаваў у Telegram ваенны журналіст, карэспандэнт ТСН Андрэй Цапліенка. На ім камандзір звязу апавядае, як праходзіў бой, кажа, што ён быў паранены ў грудзі, скаціўся на дно яра і блізу 1,5 дня выбіраўся адтуль. Яго знайшлі ўкраінскія вайскоўцы і далі дапамогу.

"Я не падтрымліваю гэтую вайну. Я не разумею, чаму мы тут. Я не сустрэў ніводнага нацыста", – заявіў Трутнеў. На відэа ён звярнуўся да маці і паабяцаў, што калі вернецца дадому, "заломіць вайсковую службу сухой асінкай" і паспрабуе вярнуцца на працу вадалазам.

Апошнія навіны