NASA паказала фота самай вялікай спіральнай галактыкі
- 13.02.2023, 21:16
Яна распасціраецца на цэлыя 522 тысячы светлавых гадоў.
NASA паказала здымак галактыкі NGC 6872, якая з'яўляецца найбуйнейшай з вядомых спіральных галактык у Сусвеце. Як паведамляе Space.com, аб'ект распасціраецца на цэлыя 522000 светлавых гадоў.
NGC 6872 – гэта спіральная галактыка з перамычкай, але знешне яна адрозніваецца ад нашага Млечнага Шляху. Галактыка валодае двума доўгімі зорнымі атожылкамі, якія зыходзяць з яе процілеглых канцоў.
Па-сапраўднаму ж уражваюць памеры NGC 6872 – яна з'яўляецца самай вялікай спіральнай галактыкай, вядомай на гэты момант. Яна ў пяць разоў большая, чым Млечны Шлях.
Атрымаць яе выяву здолелі, скамбінаваўшы здымкі трох тэлескопаў: Вельмі вялікага тэлескопа Еўрапейскай паўднёвай абсерваторыі, тэлескопа «Спітцэр» і GALEX. Дзякуючы гэтаму галактыку можна назіраць у бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным спектрах.
NGC 6872 знаходзіцца на адлегласці 212 млн светлавых гадоў ад Зямлі. Навукоўцы мяркуюць, што яе доўгая форма абумоўленая ўзаемадзеяннем з суседняй дыскавай галактыкай IC4970, маса якой складае ўсяго адну пятую ад масы гіганта.
Звычайна такія галактычныя ўзаемадзеянні прыводзяць да зліцця. Але ў гэтым канкрэтным выпадку яны, здаецца, створаць новую галактыку.