Ва Украіне трэніруюцца супрацьстаяць дыверсантам з Беларусі
- 13.02.2023, 21:41
Відэа.
Служба бяспекі Украіны правяла контрдыверсійныя вучэнні ў раёнах Ровенскай вобласці, якія мяжуюць з Беларуссю. Як паведаміла прэс-служба ўстановы, яны праводзіліся ва ўмовах максімальна набліжаных да рэальных. Былі задзейнічаныя ваенная і спецыяльная тэхніка, у тым ліку беспілотныя лётныя апараты.
У вучэннях удзельнічалі супрацоўнікі СБУ, Узброеных сілаў Украіны, Нацгвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржслужбы ў надзвычайных сітуацыях і іншых установаў.
– Паводле легенды, «дыверсанты», пераапранутыя ў цывільнае, таемна пракраліся на тэрыторыю рэгіёну і захапілі будынак гарадской рады ў райцэнтры ля беларускай мяжы, узялі ў закладнікі ўсіх працаўнікоў. Ужываючы псіхалагічны ціск і пагрозы фізічнай расправы, зламыснікі спрабавалі прымусіць закладнікаў супрацоўнічаць і перабудаваць працу гаррады на карысць краіны-агрэсаркі, – расказала прэс-служба СБУ.
Прадстаўнікі сілавых установаў правялі штурм і вызвалілі «заложнікаў».
Нагадаем, Ровенская вобласць Украіны мяжуе з Берасцейскай вобласцю. Даўжыня мяжы складае 218 кіламетраў, пераважна гэта непраходныя лясы і балоты. Але ў даступных месцах украінскі бок узводзіць ахоўныя збудаванні. Адзіны ў Ровенскай вобласці міжнародны аўтамабільны пункт пропуску ў Гарадзішчы зачынены, з пачаткам вайны тут значна ўзмацнілі кантроль: абсталявалі супрацьтанкавымі равамі і вожыкамі, замінавалі дарогі. Украінскія вайскоўцы кажуць, што ворага, калі ён надумае тут ізноў ісці ва Украіну, чакаюць і іншыя пасткі.