У РФ кошты яек за год выраслі на 61% і прадаўжаюць расці
- 12.01.2024, 20:31
Яны сталі сапраўдным сімвалам інфляцыі ў Расеі.
Інфляцыя за 2023 год нібы ўклалася ў афіцыйныя прагнозы, але многія тавары падаражэлі на дзясяткі адсоткаў, даў справаздачу Расстат. Па-за канкурэнцыяй – яйкі, кошты якіх выраслі на 61,4% і ў новым годзе прадоўжылі расці, паведамляе The Moscow Times.
Яйкі за снежань падаражэлі на 18,2%, а ўсяго за год – на 61,35%. Яны сталі сімвалам інфляцыі, прасіць прабачэння за рост іх коштаў давялося прэзідэнту РФ Пуціну. Ён ва ўласцівай яму манеры пацікавіўся, як у міністра сельскай гаспадаркі Дзмітрыя Патрушава з яйкамі, той абяцаў выправіцца: «Адчуў, што працаваць трэба лепш… Спадзяюся, што хуткім часам, у пачатку года, кошт павінен пайсці ўніз».
Са студзеня ўрад абнуліў імпартныя мыты на яйкі, пачаліся пастаўкі з Турцыі і Азербайджана. Але эфекту гэта не прынесла: аб'ёмы паставак у маштабах расейскага рынку мікраскапічныя, і на першым тыдні новага года (1–9 студзеня) яйкі падаражэлі яшчэ на 0,8%.
Харчовыя тавары летась даражэлі асабліва моцна, падлічыў Расстат: індэкс іх коштаў дадаў 8,2%. Нехарчовыя тавары, паводле яго звестак, падаражэлі на 6%, паслугі – на 8,3%, наганяючы адставанне 2022 года. Асабліва моцна выраслі кошты курыцы (27,8%) і гародніны (24,2%). У пачатку года курыца, нягледзячы на знікненне з некаторых крамаў, крыху патаннела (0,4%), а вось гародніна дадала ад 4–7% (без уліку агуркоў і памідораў, якія дадалі 13% і 10%).
Рост коштаў прадуктаў харчавання асабліва адчувальны для насельніцтва, таму інфляцыйныя чаканні амаль удвая пераўзыходзяць афіцыйную інфляцыю і складаюць 14,2% паводле апошніх замераў у снежні. Цэнтрабанк жа мае намер сёлета вярнуць інфляцыю да мэты: ягоны прагноз – 4-4, 5%.
Сёлета яго прагноз спраўдзіўся – праўда, для гэтага яго давялося двойчы пераглядаць. Апошні, кастрычніцкі прагноз быў 7–7,5%, і інфляцыя ўціснулася ў гэтыя межы – 7,42% паводле вынікаў 2023 г., паведаміў Расстат. За першыя 9 дзён яна склала 0,26 адсотка. Аналітык Прамсувязьбанка Дзмітрый Грыцкевіч называе гэтыя звесткі «першым арыенцірам у новым годзе ў інфляцыйным трэндзе». Вынікі снежня, калі зрабіць папраўку на сезоннасць, азначаюць 6% у гадавым выразе, ацанілі аналітыкі «Цвёрдых лічбаў». У харчаванні яна склала 9,9 адсотка.