СМІ: Затрыманы першы намеснік кіраўніка кіраўніцтва спраў Лукашэнкі
- 16.01.2024, 20:59
Падрабязнасці.
Першы намеснік кіраўніка кіравання справамі Лукашэнкі – буйная рыба. Дзмітрыя Рыбко, які займаў гэтую пасаду, затрымалі ў мінулую пятніцу. Усё гэта разам паказвае на ўнутраныя разборкі лукашыстаў, таму што непасрэдны кіраўнік Рыбко – Юры Назараў – разглядаўся асноўным пераемнікам Сяргеенкі. Паводле законаў сістэмы цяпер Назараву не спадзявацца на прамоцыю, а жыць з цяжкім сэрцам.
«Наша Ніва» сёння паведамляла, што Ігар Сяргеенка, цяперашні кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, пакідае пасаду і ідзе ў «парламент».
Эксперты бачаць яго відавочнай заменай пасівеламу Уладзіміру Андрэйчанку.
Але тое, што грамадства даведалася толькі цяпер, чыноўнікам стала вядома загадзя: працэдура ўзгаднення кандыдатаў на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта пачынаецца за месяцы да кадравай замены.
Традыцыйна няма аднаго пераемніка – ёсць спіс, падрыхтаваны і ўзгоднены рознымі дзяржаўнымі інстытуцыямі, з іх меркаваннямі датычна кожнай фігуры.
Як вядома «Нашай Ніве», нейкі час таму за наймацнейшую кандыдатуру-пераемніка ўважаўся Юры Назараў. На цяперашні момант ён узначальвае кіраванне справамі Лукашэнкі.
Калі адсачыць публікацыі БелТА паводле ягонага прозвішча, то можна ўбачыць, якой нехарактэрнай для загадчыка гаспадаркі дзейнасцю займаўся Назараў, цягнучы сябе ў крэсла Сяргеенкі, – ускладаў кветкі ў мемарыяльным комплексе «Ола» пад Светлагорскам, зачытваў прывітальную прамову Лукашэнкі ўдзельнікам абласных «Дажынак».
Але здарылася неспадзяванка, і сітуацыя выглядае як зняцце моцнай постаці з дошкі: паводле падазрэння ў атрыманні хабару затрыманы першы намеснік Назарава, Дзмітрый Рыбко.
Гэтая рэдкая падзея, якая мае практычныя наступствы для Назарава – атрымліваецца, ён не здолеў арганізаваць працу, стварыў умовы для карупцыі, праявіў злачынную слепату, калі ягоны першы намеснік аказаўся хабарнікам. Нельга выключаць, што Рыбко ў нязвыклых дэкарацыях СІЗА і пад уздзеяннем метадаў беларускага следства можа нешта расказаць пра самога Назарава.