Штучны інтэлект уключаць у праграму навучання ў Менскім лінгвістычным універсітэце
- 16.01.2024, 21:20
Магчымасць вывучаць замежныя мовы пры дапамозе нейрасетак атрымаюць студэнты, якія паступілі ў 2022 годзе.
Стала вядома, што штучны інтэлект уключыць у праграму навучання Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Падрабязнасці паведаміла рэктарка МДЛУ Наталля Лапцева.
Яна ўдакладніла, што дысцыпліны, звязаныя з выкарыстаннем нейрасетак у праграме навучання замежным мовам, ужо былі ўведзеныя ў навучальны план на спецыяльнасці «сучасныя замежныя мовы». Рэктарка дадала, што магчымасць вывучаць замежныя мовы пры дапамозе нейрасетак атрымаюць тыя студэнты, якія паступілі ў 2022 годзе, удакладніўшы, што ў іх навучальным плане гэтыя дысцыпліны будуць на трэцім курсе.
Акрамя таго, Лапцева звярнула ўвагу на тое, што ўжо ў 2024/25 навучальным годзе ў МДЛУ можа з'явіцца новая спецыяльнасць. Гаворка ідзе пра «лічбавую лінгвістыку». Яна сказала, што цяпер рыхтуюцца падаваць пакет дакументаў для зацвярджэння названай спецыяльнасці ў якасці адной з тых, якая будзе прапанаваная абітурыентам.