BE RU EN

Турэцкія банкі пачалі масава блакаваць плацяжы з Расеі

  • 16.01.2024, 21:33

Некаторыя банкі пачалі ануляваць раней ухваленыя транзакцыі.

Расейскія кампаніі сутыкнуліся з праблемамі ў працы з Турцыяй, якая стала адным з найбуйнейшых хабаў у абыходзе санкцый і амаль удвая павялічыла пастаўкі ў РФ тавараў – ад садавіны і электронікі да адзення і аўтакампанентаў.

З пачатку студзеня 2024 года турэцкія банкі блакуюць плацяжы з Расеі, піша Ekonomim са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Паводле іхніх словаў, плыні плацяжоў за гандлёвыя ўгоды практычна спыніліся, прычым пад удар трапіў гандаль у нацыянальных валютах: турэцкія банкі не прымаюць з Расеі ні ліры, ні рублі.

Некаторыя банкі пачалі ануляваць раней ухваленыя транзакцыі, спасылаючыся на тое, што ўгоды тычацца "забароненых тавараў", расказваюць і крыніцы Ekonomim. Плацежная блакада стала практычна татальнай і закранула ўсе галіны: банкі блакуюць плацяжы з Расеі турэцкім хімічным кампаніям, заводам аўтадэталяў, вытворцам адзення і абутку.

Праблемы ўзніклі неўзабаве пасля таго, як Турцыю наведаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Падчас свайго візіту ён абмеркаваў з кіраўніком турэцкага МЗС Хаканам Фіданам "санкцыі і экспартны кантроль", а таксама магчымыя спробы іх абыходу.

Крыху раней, у канцы лістапада, у Анкару лётаў намеснік міністра фінансаў ЗША Уолі Адэема, адказны за кантроль санкцыйнай палітыкі. Паводле словаў крыніцаў Bloomberg, Адэема прывёз "апошняе папярэджанне" турэцкім кампаніям: за парушэнне захадаў супраць Расеі ім прыгразілі фінансавымі санкцыямі, ажно да пазбаўлення доступу да заходняй банкаўскай сістэмы.

Крыніца ТАСС у банкаўскай сферы Турцыі паведаміла, што праблемы з плацяжамі звязаныя з новымі рэгуляцыйнымі захадамі кіравання кантролем за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША (OFAC), з якога банкі паставілі аперацыі на паўзу і чакаюць тлумачэнняў. "22 снежня была апублікаваная новая пастанова OFAC аб рэгуляцыйных захадах. Яна мае вельмі шырокія фармулёўкі. Згодна з гэтымі правіламі, як заяўляецца, замежныя банкі, якія падтрымліваюць ваенныя намаганні Расеі, таксама могуць падпасці пад санкцыі", – патлумачыла крыніца.

Пасля пачатку вайны ва Украіне Турцыя падвоіла пастаўкі тавараў у Расею, замяняючы заходнія кампаніі, якія сышлі, і дапамагаючы расейскаму бізнэсу абыходзіць абмежаванні. Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2023 года турэцкі экспарт у РФ дасягнуў рэкордных $4,9 млрд супраць $2,6 млрд за той самы перыяд год таму. Экспарт тавараў падвойнага прызначэння – гэта значыць тых, якія могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці зброі, – падскочыў у 5,6 разы, да $158 млн за студзень – верасень.

У лістападзе амерыканскі Мінфін ужо ўнёс у чорныя спісы больш за 20 кампаній з Кітая, Турцыі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, якія, паводле звестак Вашынгтона, забяспечвалі РФ падсанкцыйнай прадукцыяй.

У Турцыі пад блакавальныя санкцыі ЗША патрапілі 7 фірмаў, якія пастаўлялі ў РФ мікрасхемы, літый-іённыя батарэі, абсталяванне для апрацоўкі металаў, а таксама набывалі падсанкцыйныя тавары ў Штатах і перанакіроўвалі кампаніям, звязаным з расейскім ВПК. Асобныя персанальныя санкцыі, якія ўключаюць у тым ліку візавы "бан", уведзеныя ў дачыненні да грамадзяніна Турцыі Берка Цюркена, які, паводле амерыканскіх звестак, супрацоўнічаў з расейскай выведкай і быў задзейнічаны ў пастаўкі тэхналогій для падсанкцыйных кампаній з РФ.

Апошнія навіны