У Гішпаніі выявілі новы від катоў, якія жылі 15 мільёнаў гадоў таму
- 22.01.2024, 21:17
Яны належалі да падгрупы дробных катоў-драпежнікаў.
Навукоўцы выявілі новы дагістарычны від катоў, якія насялялі тэрыторыю сучаснай Гішпаніі прыкладна 15,5 мільёна гадоў таму. Гэтае адкрыццё пралівае больш святла на разнастайнасць каціных таго перыяду, піша The Independent.
Даследнікі назвалі гэтых жывёлаў Magerifelis peignei. Яны належалі да падгрупы дробных катоў-драпежнікаў з паводзінамі, падобнымі на паводзіны іберыйскіх рысяў, якія душылі сваю здабычу, уядаючы ёй у горла.
Новы від быў ідэнтыфікаваны на аснове выяўленых парэштак, знойдзеных навукоўцамі ў 2007 годзе паблізу Мадрыда ў Гішпаніі. Даследнікі знайшлі добра захаваныя рэшткі частковых сківічных костак, а таксама ўсе зубы, акрамя разцоў. Гэта робіць знаходку адным з самых поўных вядомых выкапняў асобнікаў ранніх катоў.
Каціныя вагой 7,6 кг жылі ў эпоху сярэдняга міяцэну прыкладна 15,5 мільёна гадоў таму і, магчыма, мелі «моцны ўкус падчас палявання», кажуць даследнікі.
Сярод іншага, навукоўцы заўважылі, што гэты від катоў меў унікальныя асаблівасці – меншы другі ніжні бакавы зуб і адносна меншы ніжні ікол. Гэтыя рысы сведчаць пра магчымасць палявання на даволі вялікую здабычу ў параўнанні з сучаснымі катамі падобнага памеру.
Прысутнасць ніжняга бакавога зуба, які назіраецца ў еўразійскай рысі, уважаецца за рэдкую рысу сярод існых відаў катоў.