Кошт нафты маркі Brent падняўся вышэй за $80
- 22.01.2024, 21:22
Кошт сыравіны расце праз напружанасць на Блізкім Усходзе.
Кошт сакавіцкіх ф'ючарсаў на нафту Brent на лонданскай біржы ICE Futures вырас на 1,9% і падняўся да $80,05 за бараль паводле звестак на 20:10 паводле Менска. Паводле звестак на 20:40 паводле Менска нафта даражэе на 2,1% і гандлюецца на адзнацы $80,21 за бараль. Апошні раз бараль Brent каштаваў даражэй за $80 12 студзеня 2024 года.
Кошт ф'ючэрсаў на нафту WTI з пастаўкай у сакавіку на Нью-Ёркскай таварнай біржы расце на 2,54%, да $75,11 за бараль.
Росту кошту нафты спрыяе змяненне танкерных маршрутаў праз абвастрэнне абстаноўкі ў Чырвоным моры і чаканне перабояў у пастаўках нафты.
Кошт нафты ў канцы мінулага тыдня стабілізаваўся блізу трохтыднёвага максімуму на фоне эскалацыі напружанасці на Блізкім Усходзе, піша Bloomberg. У ноч на 18 студзеня ЗША зноў нанеслі ўдары па аб'ектах руху «Ансар Алах» (хусіты) на тэрыторыі Емена. Амерыканскія афіцыйныя асобы заявілі, што іх удар стаў адказам на пачашчэнне нападаў хусітаў на караблі ў Чырвоным моры. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў прадоўжыць удары па хусітах, пакуль тыя ставяць пад пагрозу камерцыйнае суднаходства. «Кошты нафты па-ранейшаму падтрымліваюцца напружанасцю на Блізкім Усходзе», – цытуе Bloomberg аналітыкаў Commerzbank.