BE RU EN

Гандаль Нямеччыны з РФ: Імпарту амаль няма, экспарт упаў

  • 23.01.2024, 21:48

У ФРГ упершыню ўзнік гандлёвы прафіцыт з Расеяй.

Пасля спынення імпарту расейскіх энэрганосьбітаў у Нямеччыны ўзнік прафіцыт у двухбаковым гандлі з РФ, чаго раней ніколі не было. Пра гэта піша DW са спасылкай на выніковыя звесткі за 2023 Федэральнай статыстычнай установы (Destatis).

Расея цяпер займае 20-е месца сярод найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Нямеччыны (не ўключаючы краіны ЕЗ). Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну РФ уваходзіла ў пяцёрку найважнейшых рынкаў збыту нямецкай прадукцыі.

Паводле звестак Destatis, нямецкія пастаўкі ў РФ склалі ў снежні 2023 600 млн еўраў і знізіліся ў параўнанні са снежнем 2022 года на 32,3%. Нават далёкая Аўстралія, якая ніколі не была прыярытэтным экспартным рынкам для нямецкага бізнэсу, набыла ў Нямеччыне за месяц прадукцыю на 1 млрд еўраў, адзначаюць у DW.

З пададзеных Destatis раней (8 студзеня) звестак таксама вынікае, што імпарт у Нямеччыну з Расеі ўпаў са студзеня да лістапада мінулага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года на 90% і склаў за 11 месяцаў 3,5 млрд еўраў, што менш за 0,3% сумарнага нямецкага імпарту.

Сумарны экспарт Нямеччыны ў дзяржавы ЕЗ і ў трэція краіны дасягнуў у студзені – лістападзе 2023 года 1,43 трлн еўраў, з іх пастаўкі ў Расею склалі менш як 0,6 адсотка ад гэтага аб'ёму.

Таму для нямецкай эканомікі ў цэлым расейскі рынак збыту стаў фактычна маргінальным, паказваюць аўтары матэрыялу.

У Расею прадаўжаюць паступаць тавары, якія не трапілі пад санкцыі, некаторых нямецкіх кампаній. Гэта перш за ўсё лекі – медыкаменты сталі галоўным артыкулам нямецкага экспарту ў РФ – і прадукты харчавання.

Апошнія навіны