BE RU EN

FT: Будаўніцтва «Сілы Сібіры-2» могуць адкласці

  • 28.01.2024, 20:56

Расеія і Кітай дагэтуль не ўзгаднілі ключавыя дэталі інфраструктурнага праекта.

Будаўніцтва газаправода "Сіла Сібіры-2" для паставак з Расеі ў Кітай могуць адкласці. Пра гэта выданне Financial Times піша ў нядзелю, 28 студзеня, спасылаючыся на прэм'ер-міністра Манголіі Лувсанамсрайна Оюун-Эрдэнэ.

Стораны ўсё яшчэ не ўзгаднілі ключавыя дэталі маштабнага праекта, заявіў кіраўнік мангольскага ўрада. Маскве і Пекіну "трэба больш часу, каб правесці больш падрабязныя эканамічныя даследаванні", растлумачыў Оюун-Эрдэнэ. Перамовы ўскладнілі цэны газу, якія апошнія два гады дасягалі пікавых паказчыкаў, дадаў ён.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін у 2023 годзе сустракаліся як мінімум двойчы. Аднак Пекін захоўвае маўчанне што да інфраструктурнага праекта, у той час як Масква неаднаразова выказвала гатоўнасць да будаўніцтва, адзначае FT. Са звестак выдання, "Сіла Сібіры – 2" працягнецца на 3550 кіламетраў, з якіх 950 пройдуць па мангольскай тэрыторыі.

У ліпені 2022 года прэм'ер Манголіі разлічваў, што пракладанне труб пачнецца ў 2024-м. Між тым віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак заявіў у студзеньскім артыкуле для часопіса "Энергетычная палітыка", што тэрміны будаўніцтва газаправода і асноўныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі будуць "канчаткова пазначаныя пасля падпісання абавязковых пагадненняў" з партнёрамі з Кітая.

З 2019 года дзейнічае газаправод "Сіла Сібіры". У 2023 годзе аб'ём паставак па ім склаў прыкладна 23 мільярды кубаметраў, паказвае FT. Чакаецца, што ў 2025-м праект выйдзе на поўную магутнасць 38 млрд кубаметраў.

Апошнія навіны