У інтэрнаце Маладэчна спрацаваў апавяшчальнік, але пажару не было
- 28.01.2024, 21:15
Высветлілася, туды проста запаўзлі прусакі.
У інтэрнаце на вуліцы Касманаўтаў у Маладэчне 28 студзеня двойчы фальшыва спрацавала сістэма перадачы паведамленняў аб надзвычайных сітуацыях «Маланка». У адным выпадку прычынай інцыдэнту стала «няправільна кінутая ў рондаль цыбуля», у другім — прусакі, распавяло выданне Kraj.by.
Праблема фальшывага выкліку ратавальнікаў праз насякомых для жыхароў інтэрната не новая. Адзін з жыхароў патлумачыў, што часам «у абсталяванне сістэмы «Маланка» запаўзаюць прусакі». Казуркі замыкаюць у прыборы кантакт, і «ідзе апавяшчэнне аб пажары».
Падобныя гісторыі ў Маладэчне здараюцца і ў маласямейцы №20 на вуліцы Францішка Скарыны. Туды ратавальнікі выязджалі на сігналы «Маланкі» з тых жа прычын.