У Ціхім акіяне, як мяркуецца, знойдзеныя аскепкі самалёта Амеліі Эрхарт
- 31.01.2024, 21:31
Яе знікненне – адна з самых вялікіх таямніцаў у гісторыі авіяцыі.
Кампанія, якая займаецца глыбакаводнымі даследаваннямі, апублікавала малюнак, атрыманы з дапамогай гідралакатара. На ім, на іхнюю думку, могуць быць зафіксаваныя рэшткі самалёта Амеліі Эрхарт – знакамітай амерыканскай жанчыны-авіятаркі, якая знікла ў Ціхім акіяне ў 1937 годзе, піша The Insider.
Кампанія Deep Sea Vision (DSV) з Паўднёвай Караліны заявіла, што выява была атрыманая пасля доўгіх пошукаў у раёне Ціхага акіяна на захад ад месца, куды планавала скіравацца Эрхарт, – аддаленай выспы Хаўленд.
Эрхарт – піянерка авіяцыі, пісьменніца. Стала першай жанчынай-авіятаркай, якая пераляцела Атлантычны акіян у 1932 годзе. 20 траўня 1937 года разам са штурманам Фрэдам Нунанам вылецела з Окленда, штат Каліфорнія, у кругасветны палёт на двухматорным лёгкім самалёце Lockheed Model 10 Electra. На востраве Хаўленд паміж Аўстраліяй і Гаваямі планавалася дазапраўка. Аднак да вострава яны так і не даляцелі.
Іхняе знікненне – адна з самых вялікіх таямніцаў у гісторыі авіяцыі. Пераважае меркаванне, што ў 39-гадовай Эрхарт і 44-гадовага Нунана скончылася паліва, у выніку чаго самалёт затануў у Ціхім акіяне недалёка ад вострава Хаўленд. DSV заявіла, што на размытым малюнку, атрыманым беспілотным падводным апаратам на глыбіні 5 тысячаў метраў з дапамогай гідралакатара бакавога агляду, «відаць абрысы, якія паказваюць унікальныя падвойныя хвасты і маштаб яе знакамітага самалёта».
«Мы заўсёды меркавалі, што яна павінна была зрабіць усе спробы, каб акуратна пасадзіць самалёт на ваду, і сігнатура самалёта, якую мы бачым на здымку гідралакатара, гаворыць, што так і было», – гаворыцца ў заяве кіраўніка DSV Тоні Рамэа. Паводле звестак DSV, каманда даследнікаў правяла 90 дзён, абследаваўшы 13,5 тысячы квадратных кіламетраў дна Ціхага акіяна – «больш, чым усе папярэднія пошукі разам узятыя». DSV заявіла, што пакуль трымае ў таямніцы дакладнае месца знаходкі і плануе далейшыя пошукавыя працы.
Рамэа таксама адзначыў, што знаходка была зробленая з выкарыстаннем так званай «тэорыі лініі перамены даты», упершыню вылучанай у 2010 годзе Ліз Сміт, былой супрацоўніцай NASA. Згодна з гэтай тэорыяй, Нунан забыўся перавесці каляндар на дзень таму, калі яны праляталі над міжнароднай лініяй перамены даты, што прывяло да няправільнага разліку навігацыі паводле нябесных зорак і навігацыйнай памылкі ў заходнім кірунку на 100 кіламетраў.
У той самы час у каментарах пад паведамленнем DSV адзначаюць, што становішча крылаў на атрыманай даследнікамі выяве адрозніваецца ад будовы Lockheed Model 10 Electra – ягоныя крылы размешчаныя больш гарызантальна. Аднак змены могуць быць вынікам дэфармацыі ў выніку наймацнейшага ціску на глыбіні, а таксама карозіі.