BE RU EN

Румынія і Балгарыя афіцыйна ўвайшлі ў Шэнгенскую зону

  • 31.03.2024, 21:43

Памежны кантроль на паветраных і марскіх межах краінаў перастаў дзейнічаць у ноч на 31 сакавіка.

Румынія і Балгарыя, якія ўваходзяць у Еўразвяз, далучыліся да бязвізавай прасторы Шэнгенскай зоны, аднак толькі часткова. У ноч на нядзелю, 31 сакавіка, скасаваны памежны кантроль у аэрапортах, а таксама ў марскіх партах, аднак памежны кантроль на сухапутных межах гэтых краінаў пакуль будзе захаваны, паведамляе «Нямецкая хваля».

Гэта звязана з тым, што на поўнае далучэнне Румыніі і Балгарыі да Шэнгенскай зоны наклала вета Аўстрыя, матывуючы такую пастанову сваімі асцярогамі ў сувязі з магчымай плынню бежанцаў. Пастанову пра скасаванне памежнага кантролю на сухапутных межах Румыніі і Балгарыі з краінамі Еўразвязу павінна прыняць Рада ЕЗ, прычым у Бухарэсце і Сафіі спадзяюцца, што гэта будзе зроблена да канца гэтага года. Перамовы прадаўжаюцца.

Поспех пасля доўгага чакання

Як адзначае AFP, уступленне ў Шэнгенскую зону дзвюх гэтых краінаў адбылося пасля фактычнага 13-гадовага чакання. Нягледзячы на тое, што захоўваюцца абмежаванні, скасаванне кантролю на паветраных і марскіх межах мае важнае сімвалічнае значэнне.

– Гэта вялікі поспех для абедзвюх краінаў і гістарычны момант для Шэнгенскай зоны – найбуйнейшай у свеце зоны свабоднага перамяшчэння, – заявіла кіраўніца Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen).

Румынія і Балгарыя сталі чальцамі ЕЗ з 1 студзеня 2007 года. У лістападзе 2022 года Еўракамісія заклікала Раду ЕЗ уключыць у Шэнгенскую дамову Балгарыю, Румынію і Харватыю, паколькі гэтыя краіны паспяхова выканалі ўсе ўмовы для далучэння да бязвізавай прасторы. Харватыя далучылася да Шэнгенскай зоны і еўразоны 1 студзеня 2023 года. Пастанову пра далучэнне Румыніі і Балгарыі Рада ЕЗ прыняла ў снежні.

Апошнія навіны