Беларускі футбаліст Арцём Быкаў прадоўжыць кар'еру ў чэмпіянаце Грэцыі
- 13.08.2024, 21:18
Форвард менскага «Дынама» пакінуў каманду перад найважнейшым матчам у кваліфікацыі Лігі Еўропы.
Менскае «Дынама» афіцыйна абвясціла пра сыход з клуба 31-гадовага нападніка b>Арцёма Быкава.
Беларус прадоўжыць кар'еру ў «Ламіі» з чэмпіянату Грэцыі. Тэрмін ягонага кантракта прымеркаваны да 30 чэрвеня 2025 года.
Паводле інфармацыі Transfermarkt, менчукі атрымаюць за форварда блізу €100 тыс. кампенсацыі.
У мінулым сезоне «Ламія» заняла гістарычнае для сябе шостае месца ў чэмпіянаце краіны.
Арцём Быкаў пакінуў клуб перад найважнейшым матчам. «Дынама» трэба будзе згуляць у Гібралтары матч у адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы з «Лінкольнам».
У першай сустрэчы перамагла беларуская каманда з лікам 2:0. Матч праходзіў у Вугоршчыне з прычыны правілаў УЕФА. Згодна з імі, беларускія клубы і каманды вымушаныя праводзіць намінальна дамашнія матчы на нейтральным полі.
Супрацьстаянне ў адказ адбудзецца ў чацвер, 15 жніўня. У выпадку поспеху беларускі клуб трапіць у плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы, дзе згуляе з «Андэрлехтам».