BE RU EN

Гіркін заявіў, што не верыць у перамогу РФ ва Украіне

  • 30.09.2025, 12:01

За тры гады Расія не дасягнула мэтаў вайны і апынулася ў катастрафічным становішчы.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп меў рацыю ў ацэнцы перспектыў краіны-агрэсаркі Расіі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта асуджаны ў РФ тэрарыст і ваенны злачынца Ігар Гіркін (Стралкоў) напісаў у Telegram (апублікавана ягонай жонкай Міраславай Рэгінскай).

23 верасня гаспадар Белага дома напісаў у Truth Social, што Украіна здольная вярнуць усе акупаваныя тэрыторыі. Ён таксама заявіў, што расійская эканоміка, магчыма, — гэта «папяровы тыгр», не здольны вытрымаць яшчэ гады вайны.

Гіркін канстатуе, што згодны з ацэнкай амерыканскага прэзідэнта.

«Тры з паловай гады ваяваць супраць краіны, якая, як усе чакалі, рухне за тры дні або, прынамсі, за тры тыдні, — гэта трэба яшчэ зумець... Ці панясе хто-небудзь адказнасць за авантурныя, зусім не адпаведныя рэальнай аператыўнай абстаноўцы планы, што прывялі да сур'ёзных паражэнняў і няўдач і велізарных страт?» — гаворыцца ў ягоным допісе.

Гіркін адзначыў, што за тры гады поўнамаштабнай вайны акупанты не толькі не захапілі ўсю Украіну, як планавалі, але і страцілі магчымасці Чарнаморскага флоту, а Украіна наносіць удары ўжо не толькі на фронтах, але і далёка ў глыбіні краіны-агрэсаркі. Ён лічыць, што РФ трэба заканчваць вайну, але гэта не выгадна яе «партнёрам» (не называючы, каго ён мае на ўвазе).

«Калі не можам перамагчы ў вайне, то, сапраўды, можа, трэба з яе выходзіць? Пытанне ў тым, што «партнёры» не дадуць. Трэба думаць, як прымусіць «партнёраў» выйсці з вайны, прымусіць пагадзіцца на гэта. Калі не здольныя прымусіць, тады пытанні ўзнікаюць ужо не да ваеннага кіраўніцтва. Увогуле сітуацыю ацэньваю як выключна цяжкую і такую, што мае ўстойлівую тэндэнцыю да пагаршэння. На жаль, ніякай перспектывы хуткай перамогі над Украінай я не бачу, ад слова «зусім», — рэзюмуе ваенны злачынца.

Апошнія навіны