У рэгіёнах востры недахоп настаўнікаў фізікі і матэматыкі
- 30.09.2025, 16:25
Заробкі выклікаюць недаўменне.
На дадзены момант у рэспубліканскім банку вакансій размешчана 551 прапанова на пасаду педагога. І гэта нягледзячы на тое, што навучальны год пачаўся месяц таму. Па Брэсцкай вобласці — 77. З іх — 14 вакансій для настаўнікаў матэматыкі і фізікі ў розных раёнах рэгіёна, піша BGmedia.
Што па заробках і патрабаваннях?
У большасці патрабуецца толькі вышэйшая адукацыя, у адной нават — прафесійна-тэхнічная. Яшчэ ў адной са школ патрабуюць наяўнасць мінімум трохгадовага стажу і другой кваліфікацыйнай катэгорыі.
Пры гэтым заробкі ў некаторых раёнах ледзь дацягваюць да паловы сярэдніх па вобласці — ад 750 (220 долараў) да 1 200 рублёў.
Дзе на Брэстчыне плацяць больш за поўную стаўку?
У Чарнаўчыцкай сярэдняй школе настаўніку фізікі або матэматыкі гатовы плаціць ад 1 500 да 2 000 руб. У якасці бонуса прадастаўляецца інтэрнат.
У СШ №17 г. Пінска настаўнік матэматыкі можа зарабіць ад 1 500 да 1 800 руб.
Пачэснае трэцяе месца дастаецца СШ №9 г. Пінска. У гэтай установе адукацыі настаўніку фізікі гатовы заплаціць 1 200–1 700 руб.
А ў сярэдняй школе пасёлка Мухавец педагогу аналагічнага профілю абяцаюць заробак ад 12 00 да 1 500 руб.
Гэтыя школы прапануюць адносна канкурэнтныя стаўкі, хоць і ніжэй за сярэднія па Брэсцкай вобласці.
Дзе плацяць мала?
Сярод самых «сквапных» працадаўцаў — СШ №26 г. Брэста, дзе настаўніку матэматыкі гатовы плаціць толькі 800 руб., Мікашэвіцкая гімназія (750–900 руб.), СШ №11 г. Брэста і СШ №32 г. Брэста (1 000–1 200 руб.).
Стаўкі ў гэтых школах выклікаюць недаўменне на фоне афіцыйнай статыстыкі і дэфіцыту спецыялістаў.