У Кангрэсе ЗША прадставілі гучны законапраект аб забароне дызельнай здзелкі з РФ
- 17.10.2026, 10:22
Дамоўленасці Трампа з Пуціным выклікалі крытыку як з боку рэспубліканцаў, так і дэмакратаў.
Кангрэсмен-дэмакрат Грэгоры Мікс прадставіў двухпартыйны законапраект, мэта якога — заблакаваць пагадненне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Масквой аб закупцы расійскага дызельнага паліва. Пра гэта паведамляе Politico.
Законапраект «Аб забароне карупцыйных пагадненняў з Расіяй у дачыненні да нафты» прадугледжвае адмену агульнай ліцэнзіі Міністэрства фінансаў ЗША, якая дазваляе продаж і імпарт расійскага дызельнага паліва ў Злучаныя Штаты да красавіка 2027 года.
Ініцыятыву Мікса падтрымалі 16 саініцыятараў-дэмакратаў. Сярод іх кангрэсмен Джым Коста, які ў чацвер, 15 кастрычніка, узначаліў двухпартыйны зварот да Трампа з заклікам скасаваць пагадненне з Расіяй аб дызельным паліве і ўвесці новыя санкцыі ў адпаведнасці з законам Ліндсі Грэма, падпісаным у мінулым месяцы. Сярод сааўтараў законапраекта значыцца і рэспубліканец <>BДон Бэйкан, які часта крытыкуе Трампа.
«Гэта пагадненне не знізіць выдаткі для амерыканскага народа, які і так ужо плаціць за правальную вайну Трампа з Іранам. Яно дасць (расійскаму дыктатару Уладзіміру — рэд.) Пуціну мільёны долараў, каб ён мог безкарна працягваць забіваць украінскіх грамадзян», — заявіў Мікс.
Акрамя забароны Міністэрству фінансаў ЗША выдаваць кампаніям ліцэнзіі на куплю расійскага дызельнага паліва, законапраект прадугледжвае блакаванне інвестыцый Амерыканскай карпарацыі па фінансаванні міжнароднага развіцця (DFC) у расійскую энергетыку.
Сёлета адміністрацыя Трампа таксама выдала часовую ліцэнзію, якая дазваляла продаж расійскай сырой нафты, ужо загружанай на танкеры, каб павялічыць пастаўкі на сусветны рынак. Законапраект Мікса накіраваны супраць гэтай ліцэнзіі і падобных да яе.
Паводле дадзеных Амерыканскай аўтамабільнай асацыяцыі, па стане на пятніцу сярэдняя цана на дызельнае паліва ў ЗША складала каля $6,33 за галон. Эксперты адзначаюць, што аб'ёмаў дызельнага паліва, якія, паводле слоў Трампа, Расія выведзе на рынак, недастаткова, каб істотна паўплываць на цэны.