BE RU EN

26 гадоў таму прайшоў легендарны Марш Свабоды

  • 17.10.2026, 15:19

Беларусы аказалі магутны супраціў «мянтам».

26 гадоў таму прайшоў легендарны Марш Свабоды супраць так званай «саюзнай дзяржавы» і палітыкі ўзурпатара Лукашэнкі.

«Марш Свабоды» ўвайшоў у гісторыю і адкрыў новую старонку беларускага Супраціву. Каб ацаніць значэнне «Маршу Свабоды», як і любой гістарычнай падзеі, трэба ўлічыць, у якіх умовах ён адбываўся.

1999 год стаў годам выкраданняў і забойстваў лідараў дэмакратычнай апазіцыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага. У сакавіку 1999 года пры загадкавых абставінах памёр наймацнейшы палітык і самы папулярны апанент Лукашэнкі Генадзь Карпенка. У турмах знаходзяцца дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, мастак Алесь Пушкін і іншыя вядомыя апазіцыянеры. Узмацняецца ціск на незалежныя СМІ. «Закручванне гаек» адбываецца ва ўсіх напрамках. Актывізуецца і ўмацоўваецца РНЕ. Пры папушчанні і падтрымцы ўладаў неафашысты здзяйсняюць напады на дэмакратаў. Некаторыя аддзяленні міліцыі пачынаюць сумеснае з «рнэшнікамі» патруляванне вуліц.

21 ліпеня 1999-га заканчваецца пяцігадовы тэрмін кіравання, на які быў абраны Лукашэнка. Далейшае яго знаходжанне ва ўладзе незаконнае. Але спроба апазіцыі правесці альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта закончылася няўдачай.

Здаецца, што нічога не зможа спыніць далейшую фізічную ліквідацыю апанентаў рэжыму па сцэнары лацінаамерыканскіх «эскадронаў смерці». Палітычная апазіцыя раз'яднаная і запалоханая, дэмакратычныя актывісты не вераць у свае сілы…

У гэтай сітуацыі выхад на вуліцы Мінска дзясяткаў тысяч людзей стаў поўнай нечаканасцю для многіх. Большасць пратэстуючых — моладзь. Удзельнікі Маршу Свабоды разгарнулі 30-метровы бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Еўрапейскага саюза. Лозунгі Маршу — «Свабоду палітвязням!», «Не дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!». Шматтысячная калона прайшла па вуліцах горада, развянчаўшы міф пра слабасць апазіцыі.

Акцыя завершылася сутыкненнямі пратэстоўцаў з АМАПам. Дзесяткі ўдзельнікаў былі арыштаваныя, супраць арганізатараў узбуджана крымінальная справа. Еўрапейскі саюз, АБСЕ і цэлы шэраг заходніх краін асудзілі прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў і заявілі, што сутыкненні справакавалі мінскія ўлады і кіраўніцтва МУС.

«Марш Свабоды» паказаў усяму свету, што ў Беларусі жыве народ, які аддае перавагу еўрапейскаму дэмакратычнаму шляху развіцця перад сярэднявечнай дыктатурай і варварствам.

«Марш Свабоды» вярнуў многім надзею і паказаў, што барацьба працягваецца.

Беларусы прадэманстравалі рэжыму, што іх не ўдалося запалохаць, што яны не будуць спакойна назіраць за злачыннымі дзеяннямі «эскадронаў смерці». Такім чынам былі спыненыя палітычныя выкраданні і забойствы.

Маладыя людзі, якія ўпершыню прыйшлі на «Марш Свабоды» або былі яго сведкамі, сталі новым пакаленнем беларускіх дэмакратаў. Людзьмі, якія ведаюць цану свабоды і гатовыя за яе змагацца, людзьмі, якія незалежна ад абставінаў ніколі не стануць рабамі.

Апошнія навіны