Названая сапраўдная мэта Пуціна ў вайне супраць Украіны
- 17.10.2026, 16:23
Крамлёўскі дыктатар будзе працягваць эскалацыю.
Расейскія акупанты і далей будуць блакаваць портавую інфраструктуру Украіны ў Чорным моры, біць па энергасістэме і па ўсім, што звязана з водазабеспячэннем, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Мы гэта бачым, разумеем і робім усё, каб гэта абараніць. Па мастах яны ўжо б’юць. Гэта не столькі планы, колькі ўжо на сённяшні дзень рэальнасць. Мы збіваем усё, што можам, і вы бачыце, што так, далятае. На жаль, у іх ёсць такая мэта, але мы робім усё, каб абараняць інфраструктуру», — дадаў украінскі лідар, адказваючы на пытанне журналіста.
Паводле яго слоў, трэба яшчэ больш рабіць дзеля абароны ад расейскіх атакаў. І гэта датычыцца ўсіх, уключна з палітыкамі, вайскоўцамі, цэнтральнай і мясцовай уладай. Акрамя таго, Зяленскі падкрэсліў, што крамлёўскі дыктатар Пуцін будзе працягваць эскалацыю.
Таму Украіне неабходна прымушаць РФ да міру і паралельна аб’ядноўваць увесь свет. «Мы павінны прымушаць Пуціна да перамоваў, да ceasefire (рэжыму спынення агню), да спынення ўдараў па інфраструктуры, па энергетыцы і па людзях, па грамадзянскай інфраструктуры прынамсі», — адзначыў ён.
Бо калі дэманстраваць слабасць — Пуціна нічога не спыніць. Маскоўскаму лідару, паводле слоў Зяленскага, мала капітуляцыі Украіны — яму хочацца нашага знішчэння.