BE RU EN

У сталіцы Албаніі адбыліся жорсткія сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй

  • 18.10.2026, 11:17

Бесперапынныя гукі выбухаў «кактэйляў Молатава» было чуваць на працягу ўсёй суботы.

У суботу ў цэнтры Тыраны ўжо пяты дзень запар адбываліся жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцэйскімі спецпадраздзяленнямі, піша Бі-бі-сі.

Пратэстоўцы ў масках, многія з якіх — старшакласнікі і студэнты, кідалі камяні і запальныя бутэлькі ў паліцэйскіх, якія спрабавалі абараніць міністэрства адукацыі, што стала адным з галоўных ачагоў пратэсту.

У адказ паліцыя ўжыла вадзяныя гарматы і слёзацечны газ, прымусіўшы натоўп адступіць. З’явіліся таксама паведамленні, што ўпершыню былі ўжытыя гумовыя кулі.

Пратэсты, якія пачаліся летам, перараслі ў шырэйшы антыўрадавы рух, у межах якога гучаць заклікі да адстаўкі прэм’ер-міністра ў сувязі з абвінавачаннямі ў карупцыі, што тычацца ягонай адміністрацыі.

Шмат хто з пратэстоўцаў у цэнтры Тыраны быў у процігазах або масках, а валанцёры раздавалі шпрыцы з фізіялагічным растворам для прамывання вачэй, каб палегчыць боль ад слёзацечнага газу, які клубіўся на вуліцы.

Бесперапынныя гукі выбухаў «кактэйляў Молатава» было чуваць на працягу суботы.

У другой палове дня эпіцэнтр пратэстаў перамясціўся да офіса прэм’ер-міністра Эдзі Рамы на галоўным бульвары горада. Тут натоўп стаў значна больш шматлікім, чым у папярэднія дні.

Спецпадраздзяленні паліцыі апынуліся пад бесперапынным градам булыжнікаў і феерверкаў і адказалі серыяй залпаў слёзацечнага газу. Некаторыя залпы траплялі ўглыб натоўпу, пасеяўшы паніку.

Раззлаваныя прымяненнем слёзацечнага газу, людзі дачакаліся, пакуль ён рассеецца, а затым аднавілі свае атакі.

REUTERS/Florion Goga

Калі сцямнела, прыбылі дадатковыя сілы спецпадраздзяленняў паліцыі.

Было шмат пацярпелых з абодвух бакоў. На гэты момант 80 чалавек ужо атрымалі абвінавачанні ў ўдзеле ў масавых беспарадках, а яшчэ сотні людзей былі затрыманыя або знаходзяцца пад следствам.

Цэнтр Тыраны ўсё больш нагадвае зону баявых дзеянняў, усыпаную асколкамі шкла і абгарэлымі абломкамі.

Джордж, 19-гадовы студэнт-медык, які падпрацоўвае электрыкам, каб аплаціць навучанне, стаяў каля пацярпелага ад пажару будынка міністэрства адукацыі ў шаліку, што закрываў твар, і ў ахоўных акулярах.

Ён адзін з тысяч тых, хто далучыўся да пратэстаў, што набіраюць сілу і пачаліся ў чэрвені. У руках у пальчатках ён сціскаў два камяні.

На пытанне, ці не баіцца ён нашкодзіць паліцэйскім, ён адказаў: «У нас таксама ёсць маці. У нас таксама ёсць сем’і. Мы паводзілі сябе мірна на працягу 135 дзён. Цяпер мы спрабуем зрабіць тое самае, што і ў Францыі… Мы спрабуем здзейсніць рэвалюцыю. Наш урад не хоча міру, таму мы звяртаемся да гвалту».

Многія з пратэстаўцаў яшчэ маладзейшыя. 17-гадовая Клея вучыцца на першым курсе ўніверсітэта ў Тыране. «Усе студэнты байкатуюць заняткі ва ўніверсітэце і пакінулі вучобу, каб змагацца за нашы правы», — сказала яна.

Дзяўчына сцвярджае, што сярод дэманстрантаў былі правакаватары, якія грамілі крамы і банкі з мэтай дыскрэдытацыі пратэстоўцаў.

Прэм’ер-міністр ад Сацыялістычнай партыі Эдзі Рама знаходзіцца пры ўладзе ўжо 13 гадоў і дамінуе ў албанскай палітыцы, падобна да таго, як гэта дзесяцігоддзямі рабіў яго галоўны супернік Салі Берыша з апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі.

Студэнты заяўляюць, што выступаюць супраць «усёй карумпаванай палітычнай эліты». Дык якая ж альтэрнатыва?

Асман Стафа, вядомы журналіст тэлеканала News24, які таксама называе сябе актывістам, што выступае за змены, заклікаў сфарміраваць «нейтральны часовы ўрад тэрмінам на адзін год для правядзення новых выбараў».

Іронія для еўрапейскай супольнасці ў гэтай апошняй хвалі беспарадкаў у тым, што Рама ўжо даўно карыстаецца прыхільнасцю з боку ЕС, у які Албанія імкнецца ўступіць.

У сваім допісе ў сацыяльных сетках, апублікаваным у суботу раніцай, ён заклікаў албанцаў «не забываць, што мы дасягнулі выдатных поспехаў».

Прэм’ер-міністр усклаў віну за пратэсты на апазіцыйную Дэмакратычную партыю, а таксама заявіў пра «злавесныя планы замежных гульцоў, якія імкнуцца спыніць наш прагрэс» на шляху да ўступлення ў ЕС, якое ён абяцаў ажыццявіць да 2030 года.

Ён не ўдакладніў, каго менавіта мае на ўвазе.

REUTERS/Louisa Gouliamaki

Апошнія пратэсты сур’ёзна заплямілі старанна выбудаваны імідж Рамы як прывабнага лідара, які вядзе сваю краіну да дабрабыту.

Побач з пратэстамі яго ўладзе пагражае таксама серыя расследаванняў, якія праводзіць спецыяльная пракуратура.

Створаная ў 2019 годзе пад ціскам ЕС і ЗША пракуратура нядаўна дамаглася арышту ўплывовай кіраўніцы спецслужбы Влёры Хісені. Яе абвінавачваюць у тым, што яна дапамагла вядомаму бізнесмену, былому дзяржаўнаму чыноўніку і асабістаму сябру Рамы Эргісу Агасі пазбегнуць правасуддзя.

Агасі праз свайго адваката адкінуў выстаўленыя супраць яго абвінавачанні, заявіўшы, што не мае ніякага дачынення да карупцыі. Хісені паведаміла следчым, што звязалася з Агасі, каб паспрабаваць завербаваць яго для працы ў спецслужбах.

Шэраг албанскіх СМІ сцвярджаюць, што ён дзейнічаў як пасярэднік паміж прэм’ер-міністрам і арганізаванымі злачыннымі групоўкамі. Рама прызнаў, што знаёмы з Агасі, аднак адмаўляе, што яму што-небудзь вядома пра незаконныя здзелкі.

«Эдзі Рама апынуўся паміж молатам і кавадлам, — заявіў у інтэрв’ю Бі-бі-сі палітычны аналітык Лютфі Дэрвішы. — Ён стаў ахвярай уласнага поспеху. Сканцэнтраваўшы столькі ўлады ў сваіх руках, ён ператварыўся ў адзінага чалавека, на якога народ ускладае віну за свае нягоды».

Сацыялістычная партыя мае ўпэўненую большасць — 83 з 140 месцаў у парламенце Албаніі. Наступныя парламенцкія выбары павінны адбыцца толькі ў 2029 годзе.

Апошнія навіны