BE RU EN

«Гетман дзейнічаў маланкава»: як Крыштаф Радзівіл Перун гнаў Івана Грознага да Волгі

  • 18.10.2026, 13:22

Будучы палкаводзец атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне ў пераможнай бітве з маскавітамі на рацэ Улла.

Нарадзіўся Крыштаф Радзівіл Перун у сям'і вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудага 9 лютага 1547 года, піша vklby.com.

З самага дзяцінства Крыштаф марыў пра вайсковую славу. Подзвігі і дасягненні ў ратнай справе дзеда Юрыя Радзівіла Геркулеса і бацькі не маглі пакінуць хлопчыка абыякавым. А Мікалая Радзівіла вельмі радаваў імпэт сына да спасціжэння вайсковага мастацтва, і таму ён ускладаў на яго, як на прадаўжальніка сваіх спраў, усе надзеі. У 1564 годзе ён узяў Крыштафа на вайну супраць Маскоўскага княства, дзе 16‑гадовы юнак і атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне ў пераможнай бітве на рацэ Улла.

У 1567 годзе Крыштаф Радзівіл быў прызначаны крайчым ВКЛ. Увесь гэты час юнак пастаянна вучыўся: бацька навучаў яго не толькі вайсковай справе, але і дыпламатыі, і дзяржаўнай дзейнасці. У 1567 годзе Крыштаф Радзівіл, па пратэкцыі бацькі, бярэ ўдзел у перамовах з маскоўскімі пасламі ў Гродне падчас правядзення сойма. Ён выконваў прадстаўніцкую ролю і 10 жніўня разам з падскарбіем Астафіем Валовічам сустракаў паслоў каля вялікакняскага замка, а ўжо 16 жніўня прадстаўляў іх вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту. Пасля гэтага Крыштаф Радзівіл быў прызначаны начальнікам асабістай аховы князя на пасадзе ротмістра надворнай коннай харугвы.

У лютым наступнага, 1568 года, Радзівіл набывае новы вайсковы досвед падчас няўдалай трохтыднёвай аблогі замка Уллы. Нягледзячы на тое, што ўзяць замак не ўдалося, для Крыштафа гэта быў карысны ўрок па стратэгіі: як не варта штурмаваць варожыя замкі.

21 студзеня 1571 года ён ажаніўся з дачкой варшаўскага старасты Ганнай Собек. На няшчасце бацькоў, хлопчык і дзяўчынка, што нарадзіліся ў гэтым шлюбе, памерлі ў раннім узросце.

10 мая 1572 года Крыштаф Радзівіл быў прызначаны Жыгімонтам Аўгустам на пасаду польнага гетмана ВКЛ. Пасля прызначэння ён на чале свайго атрада адправіўся ахоўваць паўночна-ўсходнія межы княства.

Падчас перамір'я з Масквой у Лівонскай вайне Радзівіл удзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ён разам з бацькам на выбарах новага караля Рэчы Паспалітай падтрымаў кандыдатуру Генрыха Валуа і пасля ягонай перамогі прысутнічаў 18 лютага 1574 года на каранацыі ў Кракаве. А ўжо пасля ўцёкаў Генрыха Валуа Крыштаф падтрымаў новую кандыдатуру Стэфана Баторыя, які пасля каранацыі пакінуў за Радзівілам усе яго пасады і прывілеі.

Пасля смерці першай жонкі Ганны Собек 15 студзеня 1578 года Крыштаф неўзабаве ажаніўся другі раз з Кацярынай Астрожскай, дачкой кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага; яму былі патрэбныя спадкаемцы. Вяселле адбылося 22 ліпеня 1578 года. Кацярына нарадзіла Радзівілу сына Януша і, праз паўгода пасля ягонага нараджэння, 3 жніўня 1579 года памерла.

Першыя войскі пад сваё камандаванне Крыштаф Радзівіл Перун атрымаў у 1578 годзе: сваім прывілеем Стэфан Баторый прызначыў яго камандаваць войскамі ў Лівоніі. Праз год, камандуючы двума тысячамі коннікаў, ён адзначыў сваю першую самастойную перамогу. Вяртаючыся з ваеннага рэйду па ваколіцах Дэрпа (Тарту), ён асадзіў замак Керпец (Кірэмне) і 11 лютага 1579 года ўзяў яго штурмам. У гэтым жа 1579 годзе Радзівіл удзельнічаў у кампаніі па вызваленні Полацка ад маскоўскіх войскаў. Са сваім атрадам ён блакаваў замак Сакол, бо штурмам яго было не ўзяць, а разам з замкам была перакрытая і дарога на Полацк. Пры такіх умовах магчымасць нечаканага ўдару па войсках Рэчы Паспалітай фактычна выключалася. За гэта 16 кастрычніка 1579 года Стэфан Баторый сваім прывілеем прызначыў Крыштафа Радзівіла Трокскім кашталянам, а крыху пазней пагадзіўся даць яму пасаду падканцлера ВКЛ. Нягледзячы на атрыманыя высокія пасады, Радзівіл працягваў несці вайсковую службу і ўзяў удзел у захопе Вялікіх Лукаў.

10 ліпеня 1581 года, у адказ на спаленыя пасады Оршы, Шклова, Магілёва, Дуброўны, Радамля і Копысі, Стэфан Баторый прыняў рашэнне накіраваць з адказным рэйдам у Маскоўскае княства Крыштафа Радзівіла Перуна. Яго паход пачаўся 5 жніўня ў Віцебску. Ён атрымаў у падмацаванне чатыры тысячы чалавек і тады, маючы прыблізна каля сямі тысяч у сваім распараджэнні, ён пайшоў на Сураж.

У гэтым паходзе Радзівіл ужываў тактыку выпаленай зямлі, пакідаючы пасля сябе толькі попел. Дзейнічаў ён маланкава і нечакана з'яўляўся там, дзе яго не чакалі. Ад Суража, спальваючы ўсё на сваім шляху, Крыштаф Радзівіл Перун дайшоў да Ржэва, а ад Ржэва да Волгі і 26 жніўня выйшаў да яе берагоў каля Прачысценскага манастыра. Даведаўшыся, што непадалёк у Старыцы знаходзіцца сам Іван Грозны, Радзівіл пачаў з таго, што запаліў бліжэйшыя вёскі і мястэчкі. Аднак на прапанову сваіх памочнікаў асадзіць сам гарадок, дзе быў маскоўскі цар, ён не пагадзіўся. Ад уцекача, царскага пасцельнічага Данілы, Крыштаф Перун даведаўся, што Іван Грозны думае толькі пра тое, як уцячы са Старыцы, і ўжо адправіў у Маскву сваю жонку з дзецьмі.

Напалохаўшы маскоўскага цара, Радзівіл накіраваўся да Торопца; там, пастаяўшы два дні і спаліўшы акругу, ён пайшоў да горада Старая Руса, дзе былі царскія салеварні, што давалі маскоўскаму цару прыбытак каля 200 тысяч рублёў. Старую Русу пастігла тая ж доля, што і ўсе гарады і вёскі на шляху Перуна. Разам з салеварнямі горад быў спалены, а літоўскія войскі пайшлі далей да Порхава. Гэты горад Радзівіл вырашыў узяць і з 10 па 19 кастрычніка трымаў яго ў аблозе. Толькі загад караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ісці да Пскова выратаваў горад ад захопу. 26 кастрычніка Радзівіла сустракалі ў каралеўскім лагеры пад Псковам.

Напалоханы паходам Радзівіла і войскамі Рэчы Паспалітай, што стаялі пад сценамі Пскова, Іван Грозны даў згоду на пачатак перамоваў аб заключэнні міру. Менавіта пасля гэтага паходу і пачалі называць Крыштафа Радзівіла Перунам за тое, што ён, падобна паганскаму славянскаму богу, выпаліў зямлю, па якой ішоў, і навёў жах на сваіх ворагаў.

19 сакавіка 1592 года Радзівіл ажаніўся трэці раз з Кацярынай Тэнчынскай. У гэтым шлюбе нарадзіліся дачка Эльжбета і сын Крыштаф.

Пасля заканчэння Лівонскай вайны Крыштаф Радзівіл Перун працягваў займацца дзяржаўнай дзейнасцю на пасадзе падканцлера і 15 снежня 1584 года быў прызначаны віленскім ваяводам. Аднак, прыняўшы гэты сан, ён быў вымушаны адмовіцца ад пасады падканцлера ВКЛ.

Пасля смерці Стэфана Баторыя Крыштаф Радзівіл ізноў прыняў удзел у выбарах новага караля Рэчы Паспалітай. З абраным каралём Жыгімонтам Вазам адносіны ў Радзівіла не складваліся. Прычынай было тое, што Радзівіл разам з Львом Сапегам і іншымі магнатамі ВКЛ быў прыхільнікам самастойнасці Літвы, а таксама быў адным з тых, хто ўдзельнічаў у зацвярджэнні Статута ВКЛ. Гэты Статут падчас выбараў караля Рэчы Паспалітай у 1588 годзе Жыгімонт Ваза быў вымушаны падпісаць у абмен на падтрымку літоўскіх магнатаў і шляхты. Менавіта з гэтага моманту і пачалося супрацьстаянне паміж каралём і Радзівілам. Выкарыстоўваючы любыя магчымасці, Перун імкнуўся супрацьстаяць усім пачынанням і намерам, што выходзілі ад караля ў дачыненні да Літвы. Так, у 1595 годзе быў сарваны збор падаткаў у ВКЛ на вайну з татарамі. Радзівіл адмовіўся ўдзельнічаць у перамовах з імператарскімі пасламі аб удзеле Рэчы Паспалітай у антытурэцкай лізе, разумеючы, што гэтая задума нямецкіх Габсбургаў нічым добрым для Літвы не скончыцца. Будучы лідэрам пратэстантаў у ВКЛ, Крыштаф Радзівіл выступаў супраць царкоўнай уніі каталікоў і праваслаўных, лічачы, што гэта выкліча сур'ёзны супраціў праваслаўных. У адказ Жыгімонт Ваза паводзіў сябе так жа: ігнараваў усе прапановы і заўвагі Радзівіла па знешняй і ўнутранай палітыцы Рэчы Паспалітай, ды і па іншых пытаннях таксама.

Трэці раз Радзівіл аўдавеў 19 сакавіка 1592 года: яго жонка Кацярына Тэнчынская памерла ў Міры. Крыштаф Радзівіл быў удаўцом два гады і зноў ажаніўся чацвёрты раз з Эльжбетай Астрожскай 24 жніўня 1594 года ў Любліне.

Ад дзяржаўнай дзейнасці Радзівіл адцягваўся толькі тады, калі быў заняты вайной. У 1601 годзе ён зноў абараняў айчыну, на гэты раз ад шведаў. У Лівоніі разам з Янам Хадкевічам ён 21 чэрвеня разбіў пад Кокенгаўзенам шведаў, а потым узяў горад Вендзен. 24 чэрвеня Радзівіл асадзіў Румбарг, але праз недахоп жаўнераў у войску праз месяц зняў аблогу з горада. Неўзабаве ён злучыўся з польскім войскам, а затым адмовіўся камандаваць сіламі ў Лівоніі ў адказ на нежаданне Жыгімонта Вазы прыняць ягоны план па наборы новых войскаў. Гэта была апошняя ваенная кампанія для Крыштафа Радзівіла Перуна: 20 лістапада 1603 года ён памёр у маёнтку сваёй дачкі Эльжбеты ў Слонімскім павеце.

Апошнія навіны