Сын супраць бацькі: як ідзе барацьба за ўладу ў Туркменістане
- 18.10.2026, 14:49
У сям'і Бердымухамедавых разлад.
У кіроўным тандэме Туркменістана паміж бацькам і сынам Бердымухамедавымі зноў неспакойна. За чатыры гады пры ўладзе прэзідэнт-сын Сердар усё больш цесніць свайго бацьку і папярэдніка Гурбангулы, здымаючы з пасадаў яго стаўленікаў і сваякоў, піша Галія Ібрагімова на Carnegie Politika.
Публічна абодва дэманструюць адзінства, але відавочна, што бацька, які першапачаткова не планаваў перадаваць сыну ўсю паўнату ўлады, не гатовы мірыцца з яго растучай самастойнасцю.
Узмацненне канкурэнцыі паміж імі можа стаць пагрозай стабільнасці рэжыму і паставіць пад пытанне іх здольнасць утрымаць уладу — тым больш, што дасталася яна ім шмат у чым выпадкова.
Аксамітная рэвалюція 2.0
Сердар атрымаў прэзідэнцкую пасаду ў спадчыну яшчэ ў 2022-м, але найбуйнейшую кадравую чыстку за гады свайго прэзідэнцтва ён пачаў толькі цяпер. У цэлым туркменскіх высокапастаўленых чыноўнікаў складана выразна падзяліць на «бацькавых» і «сынавых» — многія з іх пачыналі кар'еру яшчэ пры Гурбангулы, а працягнулі пры Сердары.
Аднак за мінулыя месяцы назбіралася дастаткова прыкмет таго, што галоўная мэта апошніх перастановак — пазбавіцца ад каманды бацькі, якую той пакінуў сыну, каб яна дапамагала яму асвойвацца ва ўладзе.
Сердар пачаў перастановы з сілавога блока. З пасады міністра нацыянальнай бяспекі — галоўнага сілавога ведамства краіны і адной з самых уплывовых структур у іерархіі ўлады — быў звольнены генерал-маёр Назар Атагараеў. Фармальнай прычынай стала карупцыя ў яго ведамстве.
Новым міністрам нацыянальнай бяспекі Сердар прызначыў Даўлетгельды Мерадава, які да таго кіраваў яго асабістай аховай, а ў мінулым забяспечваў бяспеку бацькі-прэзідэнта. Мерадава заўсёды лічылі чалавекам Гурбангулы, таму ягонае прызначэнне многія ўспрынялі як знак таго, што бацька параіў сыну зрабіць на яго стаўку.
Аднак хутчэй гэта сведчыць пра тое, што Сердар не давярае кіраўніку бацькавай аховы і аддае перавагу бачыць на гэтай ключавой для туркменскай улады пасадзе свайго чалавека.
Сердар змяніў і кіраўніка Памежнай службы. Гэта адно з ключавых сілавых ведамстваў, якое адказвае не толькі за ахову дзяржаўнай мяжы, але і за бяспеку нафтагазавай інфраструктуры, ад бесперабойнай працы якой залежаць даходы краіны.
Месца дасведчанага сілавіка, Язгельды Нурыева, прызначанага яшчэ пры Гурбангулы, заняў палкоўнік Іламан Іламаноў, прафесійны памежнік, які шмат гадоў адпрацаваў у сістэме Памежнай службы.
Паказальна, што цяперашняя кадравая чыстка не закранула Міністэрства ўнутраных спраў. Відаць, гэта звязана з тым, што яшчэ ў 2022 годзе, адразу пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта, Сердар прызначыў міністрам свайго чалавека — Мухаммета Хыдырава. За чатыры гады ён, відаць, захаваў давер прэзідэнта.
Перастановы закранулі і энергетычны сектар — галоўную крыніцу даходаў краіны. У адстаўку адправілі шматгадовага віцэ-прэм'ера, які курыраваў развіццё нафтагазавага комплексу, Батыра Аманава. Яго змяніў кіраўнік «Туркменнафты» Гуванч Агаджанаў, якога лічаць чалавекам Сердара. Пры гэтым ён захаваў за сабой і пасаду кіраўніка канцэрна.
Змены закранулі і рэгіянальныя эліты. Змяніліся кіраўнікі трох найбуйнейшых велаятаў краіны — Марыйскага, Балканскага і Лебапскага, а крыху раней — кіраўнікі трох ключавых гарадоў: Туркменбашы, Туркменабата і Мары. Хаця Сердар пачаў мяняць рэгіянальных кіраўнікоў яшчэ ў першыя гады свайго прэзідэнцтва, такога маштабнага абнаўлення рэгіянальнай улады ён раней не праводзіў.
Акрамя таго, сваіх пасад пазбавіліся яшчэ двое віцэ-прэм'ераў: адзін курыраваў навуку, адукацыю, ахову здароўя і спорт, другі — транспартна-камунікацыйны комплекс. Звольнены таксама міністры аховы здароўя і культуры і шэраг іншых чыноўнікаў.
Аднавілася і выцісканне з улады сваякоў Гурбангулы, не звязаных напрамую з Сердарам. Зваліўшы бацькавую сястру, Гульнабат Даўлетаву, Сердар узяўся за яе сына — свайго стрыечнага брата Батыра Даўлетава, уладальніка буйных участкаў камерцыйнай нерухомасці. У жніўні па асабістым распараджэнні прэзідэнта ў адным з раёнаў Ашгабата знеслі шэраг будынкаў, што належалі Даўлетаву.
Працягваецца і схаванае супрацьстаянне Сердара з яго роднай сястрой Агульджахан Атабаевай, якую бацька прасоўвае як палітыка.
Два гады таму Гурбангулы прызначыў яе віцэ-прэзідэнткай свайго дабрачыннага фонду. З таго часу яна пачала актыўна сустракацца з замежнымі палітыкамі і даваць інтэрв'ю замежным СМІ, паступова ператвараючыся ў падабенства першай лэдзі. Такая публічнасць рэзка кантраставала з паводзінамі Сердара, які пазбягае журналістаў, і нарадзіла чуткі, што бацька трымае дачку «про запас» — на выпадак, калі сын стане занадта самастойным.
Публічна Сердар захоўвае субардынацыю: следуе наказам бацькі, узнагароджвае сястру ордэнамі. Але паралельна прасоўвае сваю стаўленіцу — старшыню парламента, 36-гадовую юрыстку Дуньягёзель Гулманава. Як і сястра прэзідэнта, яна рэгулярна з'яўляецца ў замежных СМІ — і нязменна прасоўвае ініцыятывы Сердара. Менавіта ёй прэзідэнт давярае ўзначальваць парламенцкія дэлегацыі за мяжу і прымаць вірчыя граматы паслоў.
Прасоўванне Гулманавай тым больш паказальнае, што старшыня Меджліса — трэцяя асоба ў краіне ў фармальнай іерархіі пасля прэзідэнта і кіраўніка Халк Маслахаты, пасаду якога займае бацька-прэзідэнт. То-бок, пакуль Гурбангулы выводзіць на першы план дачку, Сердар ўзмацняе ўласную стаўленіцу, паказваючы, што таксама ўмее рабіць хады ў барацьбе за першынство ва ўладзе.
Узмацненне Сердара
Першапачаткова Сердара ўспрымалі як несамастойнага палітыка — чалавека без досведу, за якога ўсе рашэнні прымае бацька. Але ўжо ў першыя месяцы пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта ён пачаў асцярожна абнаўляць уласную каманду і пазбаўляцца ад бацькавых стаўленікаў.
Так пасады пазбавілася Гульнабат Даўлетава — родная сястра Гурбангулы, якая ўзначальвала Нацыянальнае таварыства Чырвонага Паўмесяца. Уплыў страцілі і пляменнікі Гурбангулы — Хаджымурад і Шамурад Рэджэпавы, якія раней кантралявалі цэлыя сектары эканомікі.
Другая хваля адставак прыйшлася на 2024 год. Тады Сердар змяніў міністраў сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя і будаўніцтва, а таксама правёў частковыя ротацыі ў рэгіянальнай уладзе. Увесь бягучы год ідзе трэцяя — і самая маштабная — хваля кадравых перастановак.
Яе галоўная асаблівасць — сярод прызначэнцаў шмат аднагодкаў Сердара або людзей крыху старэйшых за яго. Здаецца, прэзідэнт імкнецца сфарміраваць новае пакаленне эліт — людзей, абавязаных сваім становішчам ужо яму, а не бацьку. Акрамя таго, пазбаўляючыся старой каманды, ён атрымлівае больш свабоды ад уплыву Гурбангулы.
Паралельна Сердар умацоўвае свой аўтарытэт і ў свеце. Ён усё ўпэўненей трымаецца на перамовах з замежнымі лідарамі ў розных фарматах — няхай гэта будзе ШАС, кансультатыўныя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Азіі або кантакты з сусветнымі лідэрамі, уключаючы Дональда Трампа, Сі Цзіньпіна і іншых. Ды і за мяжой Сердара ўжо ўспрымаюць як самастойнага палітыка, а не як сына былога прэзідэнта.
Гэта міжнароднае прызнанне ўмацоўвае яго пазіцыі і ўнутры краіны — сярод эліт і грамадства. Калі ў першыя гады пасля прыходу да ўлады яго называлі «Аркадаглы Сердар» («Сердар, падтрыманы Аркадагам», апошняе — афіцыйны тытул бацькі), то цяпер Сердар імкнецца пазбавіцца ад гэтага вобразу.
Напрыклад, партрэты былога прэзідэнта ў Ашгабаце перанеслі на ўскраіны горада, а ў цэнтральных раёнах сталіцы ў асноўным размешчаныя выявы Сердара. Замежным турыстам забараняюць фатаграфаваць партрэты Гурбангулы і дазваляюць здымаць толькі дзейнага прэзідэнта.
Гурбангулы ўсё цяжэй уплываць на рашэнні Сердара. Вядома, бацька надзяліў сябе тытулам Аркадага — апекуна ўсіх туркмен — і сам сябе прызначыў старшынём Халк Маслахаты, савета, створанага ў 2023 годзе з асцярогі, што сын перабудавае ўсю сістэму ўлады. Але прэзідэнт ёсць прэзідэнт, а функцыі Халк Маслахаты і яго кіраўніка мала хто разумее нават унутры краіны, не кажучы ўжо пра замежжа.
Менавіта на прэзідэнта як на галоўную фігуру ва ўладзе арыентуюцца і замежныя партнёры, і ўнутраныя эліты. За чатыры гады існавання Халк Маслахаты гэтак і не стаў колькі-небудзь уплывовым органам, а застаўся хутчэй дэкаратыўнай структурай, што дазволіла Гурбангулы фармальна захаваць месца ва ўладзе пасля сыходу з пасады прэзідэнта.
Чарговым пацвярджэннем гэтага стала нядаўняе пасяджэнне гэтага савета: фармальна на ім старшынстваваў бацька, але галоўным спікерам быў Сердар. Ён жа вызначыў і асноўныя напрамкі працы.
Цень бацькі
Судзячы па тым, што Гурбангулы не пакідае спроб захаваць уплыў, яму няпроста змірыцца з тым, што сын усё часцей абыходзіцца без яго. Як і ў часы свайго прэзідэнцтва, бацька па-ранейшаму напаказ: пад тэлекамеры праводзіць павучальныя размовы з чыноўнікамі, моладдзю, спартсменамі, музыкамі і мастакамі, а галоўнае — з сынам-прэзідэнтам. Яны, у сваю чаргу, дэманструюць яму ўсялякую пашану.
Знешнія партнёры таксама не абыходзяць яго ўвагай: калі Гурбангулы едзе на замежнае мерапрыемства замест сына, яго там прымаюць з максімальнымі ўшанаваннямі. Але, відаць, яго ўсё ж закранае, што асноўная міжнародная ўвага цяпер дастаецца Сердару.
Асабліва балючым для яго магло стаць тое, што Сердар у фармаце «Цэнтральная Азія + ЗША» сустрэўся з Дональдам Трампам, тады як сам Гурбангулы з амерыканскім прэзідэнтам асабіста не знаёмы. Праз пару месяцаў пасля гэтага ў Амерыку сабраўся і ён.
Візіт прадставілі як рабочы, але па часе ён супаў з першым Самітам міру — ініцыятывай Трампа, якую той прасоўваў як альтэрнатыву ААН. Туркменістан на саміт не запрасілі, але, відаць, Гурбангулы разлічваў трапіць туды асабіста. Пераканаць амерыканскі бок у неабходнасці сустрэчы Трампа менавіта з былым прэзідэнтам — пры тым, што на саміце былі прадстаўленыя дзеючыя кіраўнікі дзяржаў, — не ўдалося.
Статус старшыні Халк Маслахаты, відаць, мала што значыў для атачэння Трампа і арганізатараў саміту.
Крыху лепш склаўся візіт Гурбангулы ў Вялікабрытанію. У маі 2026 года ён наведаў Віндзарскі конны турнір і сустрэўся з каралём Карлам III. Брытанскі бок падкрэсліў значэнне культурных і дыпламатычных сувязяў, а сам Гурбангулы зноў выступіў не проста як былы прэзідэнт, а як «Нацыянальны лідар туркменскага народа» і старшыня Халк Маслахаты.
Пра змест сустрэчы з каралём нічога не вядома, але для Гурбангулы, падаецца, важны быў сам факт таго, што яна адбылася. Зносіны з брытанскім манархам дазволілі яму прадэманстраваць і сыну, і яго абноўленаму атачэнню, што бацька-прэзідэнт па-ранейшаму ўплывовы і карыстаецца павагай за мяжой, а значыць, яго рана спісваць з рахункаў.
Тым не менш гэтыя намаганні выглядаюць дзіўна, бо Гурбангулы сам вырашыў перадаць уладу сыну, хаця ні ўзрост, ні здароўе, ні іншыя абставіны не перашкаджалі яму кіраваць і далей. Інтарэс да палітыкі ў яго, падаецца, захоўваецца, але Сердар, атрымаўшы прэзідэнцкую пасаду, усё выразней дэманструе кіраўнічую самастойнасць і жаданне пазбаўляцца ад спадчыны бацькі.
Таму іх схаванае супрацьстаянне, хутчэй за ўсё, будзе толькі нарастаць, хоць наўрад ці выльецца ў адкрыты канфлікт. Бо абодвух аб'ядноўвае агульная мэта — захаваць уладу, рэсурсы і ўплыў у руках сям'і Бердымухамедавых.
Калі напружанне, што накапліваецца паміж бацькам і сынам, выплюхнецца вонкі, абодва рызыкуюць застацца без улады. Колькі б ні казалі, што туркменскі рэжым пазбыўся ўсіх нязгодных, ахвотныя падсесці сямейства Бердымухамедавых хутка знойдуцца, калі сістэма дасць трэшчыну. Таму пакуль менавіта дэманстрацыя адзінства — іх галоўны козыр ва ўтрыманні ўлады.