Зяленскі: Фронт наш моцны
- 18.10.2026, 20:10
ЗСУ з пачатку восені вызвалілі больш тэрыторыі, чым захапілі расіяне.
Украінскія вайскоўцы з пачатку восені вызвалілі больш тэрыторыі, чым за гэты час удалося захапіць арміі Расіі. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у звароце 18 кастрычніка пасля дакладу галоўнакамандуючага ЗСУ Міхаіла Драпатага, стэнаграму апублікавала прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў прэзідэнта, украінскія сілы зрываюць спробы расійскіх штурмаў і інфільтрацыі ў Добрапіллі, а таксама абараняюць пазіцыі на іншых накірунках у Данецкай, Харкаўскай і Запарожскай абласцях. Ён адзначыў вынікі аперацый Дэсантна-штурмавых войскаў і 3-га армійскага корпуса.
«Тэндэнцыя гэтага года захоўваецца: нашы воіны з пачатку восені вызвалілі больш тэрыторыі, чым расіянам удалося захапіць. І гэтак жа было і ў іншыя перыяды года», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што Добрапілле, Канстанцінаўка, Аляксіева-Дружкаўка, Арэхіў, Навапаўліўка, Наваандрыеўка і Вялікаміхайлаўка знаходзяцца пад кантролем Украіны. Сілы абароны таксама абараняюць раёны паблізу Краматорска.
«Фронт наш моцны», — заявіў ён.