Портнікаў: У Украіны ёсць спосаб перамагчы ў вайне
- 18.10.2026, 22:27
ЗСУ могуць знішчыць эканоміку РФ.
Толькі ў тым выпадку, калі Украіна зможа нанесці максімальную шкоду расійскай эканоміцы і грошай на вайну не стане, Пуцін спыніцца, паведаміў украінскі публіцыст Віталь Портнікаў. Калі Украіне не хопіць сіл і сродкаў, каб знішчыць усё, што прыносіць Расіі прыбытак, вайна будзе працягвацца далей. У такім разе баявыя дзеянні могуць зацягнуцца не на гады, а на дзесяцігоддзі.
Пра гэта Віталь Портнікаў расказаў у эфіры тэлеканала Espreso.TV на YouTube.
«Калі Украіне хопіць сіл скараціць расійскія рэсурсы настолькі, каб страты на вайну былі большымі, чым прыз за вайну, вайна выйдзе з гарачай фазы. Калі Украіне намаганняў не хопіць, гарачая фаза будзе працягвацца. Нам трэба працягваць біць па НПЗ і па ўсім, па чым можна біць, бо альтэрнатыва — гэта лібанізацыя Украіны і жыццё Украіны ў вайне без усякага выхаду з гэтага. Як гэта можа быць? Вось так яно і будзе. Гэта будзе звычайная лібанізацыя. Людзі, якія застануцца на тэрыторыі краіны, прыстасуюцца жыць у ваенных умовах», — сказаў Портнікаў.
Таксама Портнікаў папярэдзіў, што чакае ўкраінцаў, калі вайна будзе зацяжной: «Галоўнае для чалавека, які жыве ў стане вайны, — адаптавацца, таму што ён жыве ў краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны. Людзі, як правіла, адаптуюцца. У гэтым сутнасць чалавечай прыроды. Ідэя расіян вельмі простая: ператварыць вялікія гарады Украіны ў месцы, непрыдатныя для жыцця, таму нам трэба паспяшацца ператварыць у непрыдатныя для жыцця вялікія гарады Расіі. А што яшчэ мы можам зрабіць?»
«Усё, што адбываецца, — гэта прыкметы бяссілля, таму што няма поспехаў на фронце, рэальных поспехаў, якія дазволілі б Пуціну казаць, што ён знішчыў Украіну, таму застаецца трымаць у страху тыл у надзеі на тое, што ўкраінцы самі прагаласуюць за капітуляцыю краіны або “прагаласуюць нагамі” (будуць адсюль уцякаць). Усё. Простая ідэя», — падсумаваў журналіст.