Новая хваля цяпла накрые Беларусь
- 19.10.2026, 8:01
Да +20°C.
Апошняя дэкада кастрычніка здзівіць беларусаў анамальным цяплом. У пачатку яе ў краіну прыйдзе паветра з Міжземнамор'я – слупкі тэрмометраў могуць наблізіцца да +20°C.
Як расказалі ў Telegram-канале «Метеовайб», у аўторак, 20 кастрычніка, у Беларусі надвор'е палепшыцца. Чарнаморскі цыклон аслабне – дажджы чакаюцца толькі на паўднёвым захадзе.
А з паўднёвага ўсходу тым часам прыйдзе больш цёплае і сухое паветра. Днём на небе будзе больш праясненняў, тэмпература павялічыцца да +10..+16°C, па паўднёвым усходзе – да +18°C.
21–22 кастрычніка перанос цяпла ўзмоцніцца – прыйдзе міжземнаморскае паветра. Паводле звестак Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я (ECMWF), тэмпература можа павысіцца да +13..+19°C.
«Дзённы тэмпературны фон апынецца вышэй за норму на 7–10°C!» – адзначылі спецыялісты.
Але да канца наступнага тыдня ўзрасце ўплыў франтальных раздзелаў: павялічыцца верагоднасць дажджоў, а тэмпература можа, наадварот, знізіцца. Пры гэтым, як адзначылі ў «Метеовайбе», станоўчая тэмпературная анамалія захаваецца.
Калегі з Telegram-канала Nadvorie дадаюць: цяпло ў Беларусі затрымаецца як мінімум да нядзелі, 25 кастрычніка. А перыядычныя цыклоны, што выходзяць з Атлантыкі, будуць узмацняць паступленне цяпла.