Памеры цела пры нараджэнні могуць уплываць на школьныя адзнакі
- 19.10.2026, 9:48
Асабліва па матэматыцы і чытанні.
Дзеці, народжаныя з вагой значна ніжэй за чаканую, у сярэднім дэманструюць крыху ніжэйшыя навыкі чытання і складання ў 14–15 гадоў. Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі, якія вывучылі даныя больш як 92 тысячы дзяцей у Нарвегіі. Вынікі апублікаваныя у American Journal of Obstetrics and Gynecology (AJOG).
Навукоўцы аналізавалі дзяцей, народжаных на тэрміне ад 37 да 41 тыдня цяжарнасці. Да дзяцей з нізкай вагой адносілі нованароджаных, вага якіх трапляла ў ніжнія 10% сярод дзяцей таго ж полу і тэрміну гестацыі (працягласці цяжарнасці). Такі падыход дазволіў адрозніць недастатковую вагу ад звычайных адрозненняў паміж дзецьмі, якія звязаныя з працягласцю цяжарнасці.
У малодшым школьным узросце дзеці з нізкай вагой пры нараджэнні набіралі па матэматыцы прыкладна на 2,3 бала менш за аднагодкаў з нармальнай вагой. Розніца захоўвалася і ва ўзросце 14–15 гадоў, застаючыся блізкай да двух балаў. Вынікі па чытанні таксама былі некалькі ніжэйшыя, аднак відавочных адрозненняў у тэстах па англійскай мове даследчыкі не выявілі.
«Пры гэтым сам па сабе невялікая вага не азначае, што ў дзіцяці абавязкова ўзнікнуць цяжкасці з навучаннем. У сярэднім адрозненні ў раннім развіцці паступова скарачаліся прыкладна да пяці гадоў, а паказчыкі, звязаныя з тыднём гестацыі пры нараджэнні, амаль пераставалі ўплываць на школьныя вынікі. Для дзяцей з нізкай вагой сувязь з паспяховасцю аказалася больш устойлівай», — удакладнілі даследчыкі.
Адной з магчымых прычын навукоўцы называюць умовы ўнутрычэраўнага развіцця. Недастатковы рост плода можа быць звязаны, напрыклад, з праблемамі плацэнты, якая забяспечвае дзіця кіслародам і пажыўнымі рэчывамі. Раней навукоўцы меркавалі, што падобныя фактары могуць уплываць і на развіццё мозгу. Аднак новае даследаванне не правярала гэты механізм і не дазваляе ўстанавіць прычыну адрозненняў.