Найзагадкавейшая марская істота аказалася яшчэ больш дзіўнай
- 19.10.2026, 11:46
Даследнікі ўжо больш за 75 гадоў спрабуюць разгадаць яе таямніцу.
Гісторыя Зямлі налічвае мільярды гадоў, і за гэты час наша планета паспела стаць домам для неверагоднай колькасці відаў. Часам у працэсе эвалюцыі з’яўляюцца настолькі незвычайныя і дзівосныя арганізмы, што вучоныя толькі разводзяць рукамі, піша Science Focus.
Адным з яскравых прыкладаў з’яўляецца манстр Талі — мяккатэлая марская істота, што жыла на планеце каля 300 мільёнаў гадоў таму ў глеістых эстуарыях на тэрыторыі сучаснага штата Ілінойс. Рэшткі манстра ў 1955 годзе выявіў Фрэнсіс Талі — палеантолаг-аматар, які займаўся пошукам скамянеласцяў у адкладах Мэйзан-Крык.
Істота мела тарпедападобную форму, трохкутны хваставы плаўнік і зубы на канцы доўгага гнуткага хабатка. Прасцей кажучы, манстр Талі выглядаў так, быццам нехта працяў яго наскрозь шампурам, а па баках прымацаваў вочы.
Па словах Талі, скамянеласці здаваліся нейкім вар’яцтвам, таму палеантолаг прынёс іх у Філдаўскі музей натуральнай гісторыі ў Чыкага, дзе эксперты апынуліся ў поўным недаўменні. Вучоныя не маглі зразумець, кім дакладна з’яўляецца манстр Талі — ці быў ён чарвяком або слімакам? Ці меў ён пазваночную вось? А можа, ён быў вугром? Праблема была ў тым, што вучоныя не мелі паняцця, з чым маюць справу, таму назвалі істоту Tullimonstrum gregarium, што літаральна азначае «звычайны манстр Талі».
У 1989 годзе манстр Талі быў афіцыйна прызнаны палеанталагічным сімвалам штата Ілінойс, аднак яго прырода ўсё яшчэ заставалася загадкай для вучоных. Толькі ў 2016 годзе даследчыкі выказалі здагадку, што манстр Талі, верагодна, усё ж быў пазваночным.
Высветлілася, што структура, якую раней прымалі за кішэчнік, насамрэч з’яўляецца прымітыўным аналагам пазваночніка — хордай, а пігменты ў вачах істоты аказаліся больш уласцівыя пазваночным, чым бяспазваночным.
Даследчыкі выказалі здагадку, што, маючы храстковы пазваночнік, керацінавыя зубы, адну ноздру і спінны плаўнік, манстр Талі, верагодна, быў далёкім сваяком сучасных міног. Здавалася б, загадка нарэшце была разгаданая. Але не — некаторыя эксперты сумняваліся ў гэтых высновах. Скептыкі адзначалі, што пігментацыя вачэй выглядае непераканаўча, а хорда працягваецца перад вачыма — што даволі дзіўна.
У 2023 годзе японскія вучоныя паўторна вывучылі 153 музейныя ўзоры, упершыню прымяніўшы нейтральны метад, які абапіраецца выключна на дадзеныя. З дапамогай 3D-сканара была створана лічбавая карта паверхні жывёлы з каляровым кадаваннем. Вынікі паказалі, што некаторыя прыкметы, якія раней прымалі за жабравыя кішэні і прамяні плаўнікоў, насамрэч альбо ўвогуле адсутнічалі, альбо не мелі нічога агульнага з анатоміяй пазваночных. Яшчэ адным адкрыццём стала тое, што цела манстра Талі падзелена на сегменты — прычым не толькі тулава, але і галаўны аддзел. Паколькі нічога падобнага не сустракаецца ў пазваночных, вучоныя прыйшлі да высновы, што манстр Талі дакладна не быў пазваночным.
Праўда, і сёння ўсё яшчэ няма адзінага меркавання пра тое, кім насамрэч быў манстр Талі.