Казкі не ўратавалі Лукашэнку
- 19.10.2026, 14:43
Падобна, у перспектывах Віцебскай вобласці ўлады адчаіліся.
Рашэнне Лукашэнкі, які дзесяцігоддзямі супраціўляўся прыватызацыі, раздаваць актывы Віцебшчыны аптам і ў розніцу, патрабавала тлумачэнняў для народу. Калі коратка: людзей у самай паўночнай вобласці Беларусі не хапае, бо гэта водгук Другой сусветнай вайны. А раздача гаспадарак і раёнаў — гэта «змяненне падыходаў да ўнутранай палітыкі рэгіянальнага развіцця». Дакладней — павышэнне іх разнастайнасці, піша planbmedia.io.
І з разуменнем кіўнуў
Уласна, продаж прадпрыемстваў (вядома, глыбока стратных) — справа нават для Беларусі звыклая. Але пятнічнае паведамленне пра з'яўленне прыватнага народнага апалчэння патрабавала тлумачэнняў. А там і да ПВК «Вагнера» ў Беларусі недалёка.
І вось «Мінская праўда» вырашыла правесці лікбез. Аказваецца, прыватызацыя — гэта не страшна, калі прыватызуе той, хто трэба. «Відаць, краіна ўжо прайшла небяспечны перыяд патэнцыйнага паглынання капіталамі, усе найбуйнейшыя прадпрыемствы — у дзяржаўнай уласнасці. Так, некаторыя прыватызаваныя ў інтарэсах геапалітыкі, напрыклад, наяўнасць актываў у расійскіх дзяржкарпарацый на тэрыторыі Беларусі — нядрэнная гарантыя ад заходняй інтэрвенцыі», — піша прапагандыст Пуставой. Чаму расійская інтэрвенцыя лепшая за заходнюю, не ўдакладняецца.
«А ў цэлым — Беларусь краіна прадзяраўных актываў. Але ў некаторыя галіны і рэгіёны мы асцярожна пускаем сумленны і прыватны бізнес, прычым схільны да дабрачыннасці», — працягвае аўтар.
Дабрачынныя будоўлі вялікага бізнесу — даўняя беларуская практыка. Адна гісторыя з ледавымі палацамі чаго вартая. Але цяпер часы суровыя, таму і праекты драбнеюць. «Падчас, як заўсёды, жывой размовы і цёплай атмасферы Першага папрасілі дапамагчы з адкрыццём спартыўнай залы ў мясцовай школе. Мікалай Варабей з разуменнем заківаў», — дзеліцца прыдворны прапагандыст. Мікалай Варабей, нумар тры ў першай сотні беларускіх бізнесменаў, — страляны верабей. Ведае, калі трэба ківаць і даставаць кашалёк.
А як жа Віцебшчына?
Праўда, падобна, у перспектывах Віцебскай вобласці ўлады адчаіліся — таму і актывы пайшлі пад раздачу. «Гады дзярждатацый, дзясяткі нарадаў і розныя эксперыменты з інтэграцыйнымі структурамі выніку не далі. Як бы ні выхваляўся тутэйшы губернатар, спрытна рапартуючы пра станоўчую дынаміку, Віцебшчына Мінскай вобласцю так і не стала. А віцебскага прарыву так і не здарылася», — наракае аўтар.
І ніякія казкі пра біблейскія падыходы ад Лукашэнкі («пладзіцца і апрацоўваць зямлю») не пераконваюць.
Грошай няма. А прыватнік — выцягне. З'ездзіў Лукашэнка на «Савушкін» Машэнскага, мінулай пятніцай зазірнуў на «Чырвоны Бор Агро» Вараб'я. І рашэнне раздаваць праблемны актыў толькі ўмацавалася. Адданы Яўгену Баскіну Дубровенскі раён і Вараб'ю — Расонскі — не апошнія «прыватызаваныя».
Лукашэнка і для Расонскага раёна хоча падабраць прыватнага інвестара. «Я планую таксама знайсці прыватніка. Калі не — значыць дзяржава зоймецца. Расонскі раён яшчэ складаней у развіцці, чым Верхнядзвінскі, але мы яго кінуць не можам. Калі па-сапраўднаму ўкласціся, знайсці людзей, якія з душой падыдуць, як тут, у Асвеі, то Расонскі раён атрымае сур'ёзнае развіццё. Я не выключаю, што гэта будуць прадпрымальнікі не толькі беларускія, але і расійскія. Калі яны гатовыя інвеставаць, будзем інвеставаць», — канстатаваў Лукашэнка. Раздаваць землі раёнамі грамадзянам замежнай дзяржавы — гэта моцна.