У азёрах Беларусі прыжыліся рэптыліі-экзоты
- 19.10.2026, 19:22
Іх выявілі ў двух азёрах Ліды.
Нетыповыя для Беларусі рэптыліі пасяліліся ў двух азёрах Ліды. У Замкавым возеры мясцовыя жыхары налічылі двух асобін, а ў паркавым — ажно чатыры, піша lidanews.by.
Спецыялісты лічаць замежных «торціл» даволі агрэсіўным інвазійным відам, які ўваходзіць у сотню самых небяспечных.
Галоўная небяспека чырвонавухіх чарапах у тым, што яны могуць выціскаць нашых балотных, і без таго рэдкіх у Беларусі, — распавялі ў Гродзенскім заапарку.
Аднак пакуль гэтыя падарожніцы не здольныя істотна нашкодзіць насельнікам беларускіх вадаёмаў.
«Ядуць яны ўсё, што знойдуць або зловяць у возеры: дробнай рыбай, малькамі, слімакaмі, чарвякамі, воднымі насякомымі і іх лічынкамі», — супакоілі спецыялісты. Праўда, дадалі, што тэарэтычна драпежнікі могуць з’есці і качаня, але гэта малаверагодна.
З 1 жніўня 2022 года чырвонавухіх чарапах забаранілі трымаць у жылых памяшканнях. Па-першае, яны патэнцыйна небяспечныя для чалавека: рэптыліі балюча кусаюцца і могуць пераносіць небяспечныя інфекцыі.
Па-другое, для іх утрымання патрэбныя велізарныя акварыумы і такія ж аб’ёмы корму. Да таго ж акварыум патрабуе складанай сістэмы фільтрацыі і падагрэву. А чарапахі жывуць да 40–50 гадоў.
Іншымі словамі, стварыць адпаведныя ўмовы для іх утрымання ў кватэрах і дамах надзвычай складана. Уладальнікі, якія не спраўляюцца з доглядам, відаць, выпускаюць гадаванцаў у натуральнае асяроддзе.
Нават калі чарапахі выжывуць у вадаёмах, размнажацца яны не змогуць — не стае цяпла, адзначылі спецыялісты. А значыць, усе асобіны ў азёрах — кінутыя гадаванцы.
Званкі з просьбамі ўзяць чарапашку ў Гродзенскім заапарку гучаць штодзень. Аднак забраць усіх «адмовікаў» спецыялісты не могуць. У калекцыі і так амаль тры дзясяткі асобін. Даходзіць да таго, што чарапах падкідваюць да варот заапарку, паскардзіліся спецыялісты.