Гіркін заклікаў да звяржэння Пуціна
- 20.10.2026, 7:38
Расію чакае лёс Югаславіі.
Тэрарыст і ваенны злачынца Ігар Стралкоў (Гіркін), які адбывае тэрмін у расійскай турме за крытыку дыктатара Уладзіміра Пуціна, спрагназаваў Расіі лёс Югаславіі. Ён сцвярджае, што краіна прыйдзе да катастрофы, калі цяперашні рэжым застанецца ў Крамлі. Ліст Стралкова апублікавалі ягоныя прыхільнікі, піша «Дыялог».
Ён упэўнены, што пацяпленне адносінаў з Амерыкай не выратуе Расію. Наадварот, «раззлаваны патрыёт» убачыў прыкметы пагаршэння становішча Расіі ў гэтай вайне.
«Назіраю чарговую хвалю нагнятаных дзяржСМІ мірных чаканняў з падтэкстам: „вось-вось і ўсё скончыцца на нашу карысць… Трамп на нашым баку, Зяленскага скінуць, Украіна ўзімку змерзне і ўзбунтуецца“ і г. д., і да т. п. Гэта калька са ўсіх падобных прапагандысцкіх кампаній, пачынаючы з 2014 года… На мой асабісты погляд, справы, мякка кажучы, зусім не такія бязвоблачныя. Па сутнасці, справы абстаюць строга насуперак абвяшчанай „перамозе“. Гэта НЕ МЫ, а Кіеў прымусіў нас ісці на саступкі… Вораг фактычна дасягнуў парытэту з намі цяпер не толькі на фронце, які „тапчецца на месцы“ нават на тактычным узроўні, але і ў здольнасці/магчымасці паражаць нашыя найважнейшыя ваенна-прамысловыя, энергетычныя і іншыя стратэгічна важныя аб’екты глыбока ў тыле — да Омска і Цюмені ўключна. Ніякіх шанцаў на паспяховае заканчэнне вайны ў нас НЯМА. Пры цяперашнім крэмлёўскім кіраўніцтве дык дакладна», — напісаў Стралкоў.
Ён абрынуўся з вострай крытыкай у адрас Пуціна і ўсёй яго вертыкалі, назваўшы яе «неверагодна некампетэнтнай». Па яго меркаванні, рэжым ужо не зможа нічога зрабіць, каб пераламаць сітуацыю ў гэтай вайне. Новая мабілізацыя, упэўнены Z-патрыёт, стане для РФ катастрофай. У цэлым, на думку Стралкова, краіна ідзе шляхам Югаславіі, то бок да распаду.
«Які з усяго гэтага можа быць для нас выхад? А ўжо НІЯКІ. Пры ўмове, што дзеючая ўладная вертыкаль застанецца ў нязменным выглядзе і з тымі ж персаналіямі на чале», — канстатаваў Стралкоў.