BE RU EN

Украінцам і расіянам прыйшлі апавяшчэнні пра ядзерныя ўдары

  • 2.11.2026, 10:25

Дзіўныя паведамленні прыйшлі 1 лістапада.

Невядомыя ўзламалі афіцыйнае прыкладанне «Паветраная трывога» ва Украіне і разаслалі карыстальнікам папярэджанні пра радыяцыйную і хімічную небяспеку, а таксама пра пагрозу вулічных баёў у Кіеве. Адно з паведамленняў, што з'явілася 1 лістапада, было на рускай мове: «Привет! Сейчас по всей Украине будет ядерная тревога. Не волнуйтесь, летит Орешник». Пасля гэтага прыкладанне стала часова недаступным для карыстальнікаў. У Паветраных сілах ЗСУ абверглі наяўнасць пагроз і паведамілі пра «варожае ўздзеянне» на працу сэрвісу. У Цэнтры процідзеяння дэзінфармацыі заклікалі не пераходзіць па старонніх спасылках і не распаўсюджваць неправераную інфармацыю. Распрацоўнікі прыкладання пазней заявілі, што аднаўляюць яго працу.

Праз некалькі гадзін, як піша The Moscow Times, хакеры здзейснілі «масіраваную атаку» на мабільнае прыкладанне МНС Расіі, паведамілі ў ведамстве. У ноч на 2 лістапада карыстальнікам пачалі прыходзіць push-апавяшчэнні пра запушчаныя «ядзерныя баягалоўкі па ўсіх рэгіёнах» краіны. Пры гэтым удакладнялася, што баягалоўкі ляцяць на носьбітах P1-SUN. Так называецца FPV-дрон-перахопнік, распрацаваны ўкраінскай кампаніяй SkyFall для барацьбы з беспілотнікамі тыпу «Шахед» і крылатымі ракетамі. Жыхароў заклікалі запасціся ежай на тры тыдні і схавацца ў падвалах.

Услед паведамленні падобнага зместу пачалі рассылаць каналы рэгіянальных упраўленняў МНС у дзяржаўным мэсэнджары Мах — па Санкт-Пецярбургу, Маскоўскай, Белгародскай, Ніжагародскай, Свярдлоўскай, Цюменскай і іншых абласцях. Таксама аналагічнае папярэджанне было апублікавана ў тэлеграм-канале аператыўнага штаба Белгародскай вобласці. У МНС заявілі, што вядуць работы па ўстараненні «уразлівасці мабільнага прыкладання і аднаўленні яго нармальнага функцыянавання».

«Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Просім насельніцтва захоўваць спакой і давяраць толькі афіцыйным крыніцам інфармацыі — сайту МНС Расіі і афіцыйным акаўнтам ведамства ў сацыяльных сетках», — адзначылі ў ведамстве.

Апошнія навіны