BE RU EN

Міжзоркавая камета здзівіла навукоўцаў

  • 2.11.2026, 12:49

Яна ўтрымлівае рэчыва, якому 11 мільярдаў гадоў.

Даследчыкі прадставілі новыя вынікі вывучэння комы міжзоркавай каметы 3I/ATLAS — газавай абалонкі, што ўзнікае вакол яе ядра пад уздзеяннем цяпла Сонца. Камету напрыканцы снежня 2025 года вывучаў касмічны тэлескоп «Уэбб», і астранам ы выявілі сведчанні таго, у якіх умовах і калі сфармаваўся гэты міжзоркавы аб’ект.

Вынікі даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Astronomy, здзівілі навукоўцаў, піша (ScienceAlert https://www.sciencealert.com/interstellar-visitor-3i-atlas-just-got-even-weirder-and-may-contain-10-billion-year-old-material).

Навукоўцы вымералі суадносіны цяжкага ізатопу вадароду пад назвай дэйтэрый і звычайнага вадароду ў метане, які ўваходзіць у склад каметы 3I/ATLAS. Гэты метан захаваўся з моманту ўтварэння каметы дзесьці ў іншай частцы Млечнага Шляху.

Высветлілася, што суадносіны дэйтэрыю да вадароду ў метане 3I/ATLAS значна вышэйшыя, чым у любым іншым аб’екце ў Сонечнай сістэме. Таксама высветлілася, што гэты паказнік у 13 разоў перавышае паказнікі каметы 67P/Чурымава — Герасіменкі. Гэта пакуль што адзіная камета ў Сонечнай сістэме, у складзе якой быў выяўлены метан, што ўтрымлівае дэйтэрый. Акрамя таго, суадносіны дэйтэрыю да вадароду ў метане аказаліся прыкладна ў тры разы вышэйшымі, чым значэнне, раней атрыманае для вады ў складзе 3I/ATLAS.

Новыя даныя паказваюць, што ледзяныя кампаненты міжзоркавай каметы сфармаваліся ва ўмовах экстрэмальнага холаду пры тэмпературы прыкладна мінус 263 градусы па Цэльсіі, то бок на 10 градусаў вышэй за абсалютны нуль.

Астраномы лічаць, што лёд каметы, верагодна, сфармаваўся ў халодным газавым воблаку, якое акружала вельмі маладую зорку, што яшчэ знаходзілася на стадыі фармавання. Пры гэтым гэтае асяроддзе, як мяркуецца, падвяргалася інтэнсіўнаму ўздзеянню касмічных прамянёў. Гэтыя высокаэнергетычныя часціцы спрыяюць запуску рэакцый, у выніку якіх малекулы ўзбагачаюцца дэйтэрыем.

Новае даследаванне мяркуе, што камета 3I/ATLAS сфармавалася ў асяроддзі з адносна нізкім утрыманнем хімічных элементаў, цяжэйшых за вадарод і гелій. Гэта значыць, што міжзоркавы госць мог з’явіцца каля адной з самых старых зорак Млечнага Шляху больш за 11 мільярдаў гадоў таму.

Разлікі навукоўцаў паказваюць, што камета магла з’явіцца за 7 мільярдаў гадоў да нараджэння Сонца, якое сфармавалася 4,6 мільярда гадоў таму. Пэўныя гравітацыйныя ўзаемадзеянні прывялі да выкіду каметы з яе роднай сістэмы.

Апошнія навіны