Клінтан жорстка раскрытыкаваў Трампа за эгаізм
- 2.11.2026, 16:56
Палітыка прэзідэнта ЗША ўдарыла па кішэнях амерыканцаў.
Былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан рэзка раскрытыкаваў Дональда Трампа за эгацэнтрычныя праекты, кіраўніцкую некампетэнтнасць і палітыку, скіраваную на ўласныя інтарэсы. Ён зрабіў гэта на перадвыбарчым мітынгу у падтрымку кандыдата ў Сэнат ад штата Місісіпі.
Паводле слоў Клінтана, кожны прэтэндэнт на пасаду сенатара павінен дбаць пра тое, каб людзі маглі пабудаваць годнае жыццё, а гэта «далёка ад поглядаў прэзідэнта Трампа». Ён прызнаўся, што часам ледзь пазнае краіну, якую любіць, і згадаў «эга-праекты» Трампа. «Я бачыў гэта нядаўна. Ён хоча пабудаваць парк над мостам, які перакрые від на Вашынгтонскія нацыянальныя могілкі з другога боку вуліцы», — расказаў Клінтан. Паводле яго слоў, такі праект абыдзецца ў велізарныя грошы, бо для Трампа ён павінен быць большы за аналагічныя аб’екты.
Высокія цэны на бензін Клінтан назваў прамым вынікам недастаткова прадуманай атакі на Іран. Асобна ён спыніўся на шматгадовай зацыкленасці Трампа на мытных тарыфах. Паводле Клінтана, ён ведае Трампа каля 25 гадоў, і ўжо тады было зразумела, што той не разумее законаў эканомікі. Трамп лічыў, што, абклаўшы ўвесь імпарт высокімі пошлінамі, ЗША змогуць напаўняць бюджэт і адмовіцца ад унутраных падаткаў. Клінтан растлумачыў яму, што імпарцёры «проста так не праглынуць» пошліны, а закладуць іх у канчатковы кошт, які заплацяць амерыканскія спажыўцы. «А ён, як і цяпер, не чуў таго, чаго не хацеў чуць», — узгадвае Клінтан.
У заключэнне Клінтан вярнуўся да асабістага матыву ў дзеяннях прэзідэнта: «Трамп думае ў асноўным пра сябе». У якасці прыкладу ён прывёў ідэю Трампа перайменаваць знакаміты Кэнэдзі-цэнтр толькі таму, што яго адрамантавалі падчас прэзідэнцкага тэрміну Трампа.