BE RU EN

У Польшчы затрымалі пяцярых грамадзян Беларусі па справе аб міжнароднай злачыннай групоўцы

  • 2.11.2026, 19:58

Аперацыя працягвалася некалькі месяцаў.

Польская паліцыя заявіла пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы, якая датычыцца дзейнасці міжнароднай злачыннай групоўкі, што займалася, у тым ліку, рабаваннем перавозчыкаў тытунёвай прадукцыі. Абвінавачанні выстаўлены трынаццаці фігурантам, сярод якіх ёсць і грамадзяне Беларусі. Пра гэта паведамляе Цэнтральнае следчае бюро паліцыі.

Аперацыя працягвалася некалькі месяцаў. Яе ключавы этап пачаўся ў маі 2025 года: супрацоўнікі Цэнтральнага следчага бюро арыштавалі сем чалавек — двух грамадзян Польшчы і пяцярых грамадзянаў Беларусі. Падчас вобыскаў кватэр, транспартных сродкаў і іншых месцаў, якімі карысталіся падазраваныя, былі канфіскаваныя пісталеты і вінтоўкі, набоі розных калібраў, светлашумавыя і дымавыя гранаты, выбухоўка.

Групоўку ўзначальваў грамадзянін Польшчы, яго разам з яшчэ адным фігурантам справы затрымалі ў Іспаніі.

Акрамя зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, супрацоўнікі паліцыі канфіскавалі глушыльнікі GPS-сігналаў, мабільныя тэлефоны, прылады для захоўвання даных, рэчы, падобныя да паліцэйскай формы і рыштунку, а таксама значныя сумы наяўных грошай у розных валютах. Сабраныя доказы дазволілі завяршыць расследаванне і выстаўіць абвінавачанні 13 асобам, паведамілі ў польскай паліцыі.

Апошнія навіны