BE RU EN

Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт Дэ Вевер падаў у адстаўку

  • 2.11.2026, 20:20

Кароль пакуль не вырашыў, ці прыняць яе.

Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт Дэ Вевер на аўдыенцыі ў караля Філіпа падаў прашэнне аб сваёй адстаўцы ў сувязі з правалам перамоваў па бюджэце краіны на 2027 год. Пра гэта паведамляе бельгійскі каралеўскі палац у мікраблогу X у панядзелак, 3 лістапада.

«Кароль не абвясціў рашэння. З заўтрашняга дня ён правядзе кансультацыі са старшынямі партый кіроўнай большасці», — гаворыцца ў паведамленні.

«Кароль шкадуе, што не ўдалося дасягнуць пагаднення аб пераканаўчым бюджэце, які адказвае актуальным выклікам. У кантэксце вялікай геапалітычнай няпэўнасці і велізарных эканамічных выклікаў краіна не можа дазволіць сабе працяглага палітычнага крызісу», — сказана ў іншым допісе.

Чакаецца, што бельгійскі манарх зноў прыме Дэ Вевера 6 лістапада. Да гэтага тэрміну ў яго яшчэ ёсць шанец дасягнуць кампрамісу на кааліцыйных перамовах аб бюджэце.

Уступаючы на пасаду ў лютым 2025 года, кансерватар і фламандскі нацыяналіст Барт Дэ Вевер меў намер вырашыць бюджэтныя праблемы Бельгіі, абцяжаранай велізарным доўгам, аднак не здолеў заручыцца падтрымкай іншых членаў свайго пяціпартыйнага ўрада адносна сваіх прапаноў, нагадвае агенцтва AP.

Паводле яго звестак, Бельгія адносіцца да дзяржаў ЕС з найбольшым дзяржаўным доўгам, нароўні з Італіяй і Францыяй. Даўгі Бельгіі «накапліваліся гадамі», аднак сітуацыя пагоршылася з-за пандэміі COVID-19 і энергетычнага крызісу, канстатуюць аўтары.

Апошнія навіны