BE RU EN

Пасля дызельнай здзелкі Трампа і Пуціна дэфіцыт паліва абвастрыўся ў самой Расіі

  • 2.11.2026, 23:07

З нястачай дызеля ўжо сутыкнуўся Санкт-Пецярбург.

Дызельная здзелка Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа, у межах якой на амерыканскі і сусветны рынак павінна паступіць больш за 2 млн тон расійскага паліва, абярнулася нястачай «саляркі» на паўночным захадзе Расіі, перадае The Moscow Times.

У Санкт-Пецярбургу даступнасць дызеля на запраўках рэзка знізілася: цяпер ён ёсць менш чым на 40% АЗС, сведчаць даныя сэрвісу «ГдеБенз», якія прааналізаваў эканаміст Яніс Клюге.

За крыху больш чым тыдзень дызель знік амаль з паловы заправаў, дзе яго прадавалі ў канцы кастрычніка: тады даступнасць складала каля 70%. У выніку дэфіцыт дызельнага паліва ўшчыльную наблізіўся да пікаў паліўнага крызісу напрыканцы ліпеня, калі ў Пецярбургу ўводзілі абмежаванні на АЗС, а даступнасць дызеля падала да 40% і ніжэй ад ліку заправаў.

На прыватных станцыях у Ленінградскай вобласці пачалі адпускаць з жорсткім лімітам — да 30–50 літраў на аўтамабіль, піша «Росбалт». Ля АЗС у горадзе ўтварыліся 40-хвілінныя чэргі. «У цэлым Расія вырабляе дастаткова дызеля», — нагадвае Клюге. Верагодна, экспарт у ЗША быў арганізаваны паспешліва з балтыйскага порта Прыморск, блізкага да Санкт-Пецярбурга, і ўзніклі «праблемы з лагістыкай», мяркуе эксперт.

Таксама дэфіцыт дызеля ўзнік у Свярдлоўскай вобласці, дзе на некаторых АЗС з'явіліся абмежаванні, а на запраўках «Татнефти» продаж цалкам спынілі. 26 кастрычніка пра «перабоі з дызельным палівам» паведамляў губернатар Тамбоўскай вобласці Яўген Первышоў. Паводле дадзеных аперштаба, дызель адсутнічаў на 29 з 214 заправаў рэгіёна.

Пра «дызельную здзелку» з Пуціным Трамп абвясціў 9 кастрычніка. Паводле яго слоў, Расія згадзілася паставіць на амерыканскі і сусветныя рынкі больш за 300 тыс. тон паліва ў кастрычніку, яшчэ 500 тыс. тон — у лістападзе і 1 млн тон — адразу пасля гэтага. Крэмль назваў рашэнне «ўзаемавыгадным» і такім, што «адпавядае інтарэсам сусветных рынкаў». А Трамп заяўляў, што «здзелка вельмі добрая», і дзякаваў за яе Пуціну. «Наша краіна атрымае вельмі вялікую колькасць гаручага», — казаў Трамп.

Паводле падлікаў Greenpeace, у пастаўках расійскага дызеля задзейнічаныя 7 танкераў, у тым ліку тыя, што знаходзяцца пад санкцыямі. Аднак, нягледзячы на маштабнае PR-суправаджэнне і прапанаваныя зніжкі, пакуль не ўдаецца знайсці пакупнікоў на паліва з РФ у ЗША. Паводле The Washington Times, амерыканскія кампаніі асцерагаюцца юрыдычных наступстваў з-за здзелак з расійскім дызелем, пастаўкі якога з 2022 года забароненыя санкцыямі. У выніку, магчыма, давядзецца адправіць паліва ў Бразілію, пісалі аналітыкі Rapidian Energy.

Расійскі дызель ЗША не патрэбны — Штаты самі з'яўляюцца нетта-экспарцёрам дызельнага паліва, то бок вырабляюць яго больш, чым спажываюць, а розніцу прадаюць, адзначае Клюге. На справе Масква і Вашынгтон — канкурэнты на сусветным рынку дызеля, і здзелка Трампа з Пуціным можа апынуцца «дрэннай» для амерыканскіх кампаній, лічыць эксперт.

Апошнія навіны