Міф развенчаны
- 3.11.2026, 8:39
Што стаіць за навіной пра закупку Беларуссю льновалакна ў расіян.
Лукашэнка не стамляецца распавядаць, як ён выратаваў ад немінучага краху сельскую гаспадарку. Эхам яму падтакваюць падначаленыя і прапаганда.
Напрыклад, кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты, які з года ў год тыражуе міфы пра сапраўдны прарыў у аграрным сектары, дзякуючы якому Беларусь уваходзіць ці то ў пяцёрку, ці то ў дзясятку сусветных экспарцёраў, піша «Салідарнасць».
Але з рэальнага свету ўсё часцей прыходзяць навіны, якія ўступаюць у канфлікт з фантазіямі чыноўнікаў. Так, паводле дадзеных агенцтва «Аграэкспарт» расійскага Мінсельгаса, у студзені-верасні Беларусь завезла з Расіі 982 тоны льновалакна.
Так, з першага погляду аб’ём закупак не выглядае асабліва ўражлівым. Але за гэтай навіной хаваюцца лічбы іншага парадку.
Льняную галіну кіраўнік «ратуе» каля 30 гадоў. За гэтыя гады былі задзейнічаныя ўрадавыя праграмы, на мадэрнізацыю аднаго толькі Аршанскага льнокамбіната было выдаткавана больш за $200 мільёнаў…
А ў выніку Лукашэнку даводзіцца ладзіць для сваіх падначаленых спектаклі на палях з падгнілым ільном, усё часцей ставячы ў прыклад прыватніка. У якога чамусьці і бульба ўдаецца значна лепш, і яблыкі захоўваюцца да вясны, і жывёла не падыхае ў гістарычных маштабах.