ЗША нанеслі нечаканы ўдар па іранскім востраве Кешм
- 3.11.2026, 8:50
На востраве знаходзіцца буйны падземны ракетны аб'ект.
Амерыканскія вайскоўцы 2 лістапада нанеслі ўдар па іранскім востраве Кешм, размешчаным пры ўваходзе ў Армузскі праліў. Гэта чарговы эпізод серыі абмежаваных удараў, якія ЗША ўжо некалькі тыдняў наносяць па Іране таемна. Пра гэта піша The Wall Street Journal.
У адрозненне ад папярэдніх этапаў вайны, Вашынгтон гэтым разам не заяўляе пра атакі публічна. Паводле слоў аднаго з чыноўнікаў, кампанію наўмысна трымаюць у цені, каб не ствараць уражання падрыхтоўкі да аднаўлення маштабных баявых дзеянняў.
Частка суразмоўцаў WSJ лічыць гэтыя ўдары абарончымі: іх мэта ў тым, каб Іран не мог беспакарана атакаваць камерцыйныя суда ў Армузскім праліве. У сацыяльных сетках 2 лістапада паведамлялі пра выбухі на Кешме.
На востраве знаходзяцца буйны падземны ракетны аб'ект, ваенна-марская база і магутная апрасняльная ўстаноўка. ЗША ўжо наносілі ўдары па Кешме, а ў адміністрацыі нават абмяркоўвалі магчымасць яго захопу.
Тага ж дня амерыканскі лідар прыніжаў значэнне рызыкі новай вайны з Іранам. «У нас была вайна з Іранам. Мы перамаглі. Не ведаю, ці можна гэта ўвогуле называць вайной, бо мы ўжо некалькі месяцаў не ваюем», — заявіў Трамп журналістам.
На пытанне, ці разглядае ён удары па Іране пасля прамежкавых выбараў 3 лістапада, прэзідэнт адказаў «не». Пры гэтым у яго адміністрацыі запэўніваюць, што ён па-ранейшаму ўзважвае ўсе варыянты.
Некалькі тыдняў Трамп казаў, што пасля выбараў ЗША могуць вярнуцца да поўнамаштабнай вайны. Паводле звестак WSJ, Цэнтральнае камандаванне ЗША перакінула ў рэгіён дадатковыя сродкі ПРА і боепрыпасы. Краіны Персідскага заліва папярэдзілі, што неўзабаве пасля выбараў можа пачацца нядоўгая, але інтэнсіўная аперацыя.
На мінулым тыдні камандуючы Цэнтральным камандаваннем адмірал Брэд Купер асабіста даклаў Трампу ў Белым доме пра ход канфлікту.