BE RU EN

У Венгрыі рассакрэцяць да 60 тысяч імёнаў даносчыкаў камуністычных спецслужбаў

  • 3.11.2026, 9:19

Адкрыццё архіваў — адно з перадвыбарчых абяцанняў Мадзяра.

У Венгрыі 4 лістапада ў адкрытым доступе з'явіцца база даных прыблізна 50–60 тысяч чалавек, звязаных з працай спецслужбаў камуністычнай эпохі: тайных інфарматараў, супрацоўнікаў дзяржаўнай бяспекі і тых, каго спрабавалі завербаваць. Пра гэта піша The Guardian.

Публікацыя архіваў можа стаць балючым адкрыццём для многіх венгерскіх сем'яў. З 1945 па 1989 год спецслужбы сачылі за ўласнымі грамадзянамі праз разгалінаваную сетку інфарматараў. Адны добраахвотна паведамлялі звесткі пра знаёмых, суседзяў і сваякоў, іншых прымушалі да супрацоўніцтва пагрозамі, шантажом або абяцаннямі прывілеяў.

Сачэнне не абмяжоўвалася палітычным асяроддзем. Агенты наведвалі канцэрты падпольных рок-гуртоў, выяўляючы сярод моладзі праціўнікаў рэжыму, а для сустрэч з інфарматарамі супрацоўнікі дзяржаўнай бяспекі выкарыстоўвалі канспірацыйныя кватэры ў цэнтры Будапешта. Паводле Reuters, сабраныя даныя нярэдка станавіліся падставай для затрыманняў і допытаў.

Паводле ацэнак гісторыкаў, сёння жывыя каля 10% людзей, згаданых у захаваных дакументах. Падрабязныя дасье ёсць толькі прыкладна на дзевяць тысяч чалавек: іх плануюць апублікаваць у лютым 2027 года, папярэдне выдаліўшы даныя пра здароўе, асабістае жыццё і іншыя канфідэнцыйныя звесткі.

Рассакрэчванне архіваў стала адным з перадвыбарчых абяцанняў прэм'ер-міністра Петэра Мадзяра. Адпаведны закон парламент прыняў у верасні. Першапачаткова публікацыю прымеркавалі да гадавіны Венгерскага паўстання 1956 года, затым перанеслі на 4 лістапада, калі спаўняецца 70 гадоў з пачатку савецкай ваеннай аперацыі ў Будапешце. Венгерскі дзяржаўны архіў пацвердзіў, што ў гэты дзень правядзе спецыяльныя мерапрыемствы, прысвечаныя адкрыццю дакументаў.

Апошнія навіны