Лукашэнка больш не патрэбны Трампу?
- 3.11.2026, 9:56
Коул планаваў вярнуцца ў Мінск праз месяц, але не прыехаў.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул анансаваў наступны візіт у Беларусь прыкладна праз месяц пасля папярэдняга, што адбыўся ў сярэдзіне верасня. Тэрміны ўжо прайшлі, але новай інфармацыі няма. Эксперты патлумачылі «Белсату», што можа стаяць за паўзай і ці варта чакаць працягу перамоваў.
Вяртанне, якое пакуль не адбылося
Пра чаканае вяртанне ў Беларусь прыкладна праз месяц спецпасланнік прэзідэнта ЗША заявіў 16 верасня, калі адбылося апошняе на сёння вызваленне палітвязняў па «амерыканскім трэку».
З тых часоў Джон Коул паспеў атрымаць новую магчымую пасаду. Дональд Трамп прапанаваў Сенату ЗША прызначыць яго спецыяльным прэзідэнцкім пасланнікам па справах закладнікаў у рангу і са статусам пасла. Але гэтае прызначэнне не выключае працяг яго працы з Беларуссю.
На пачатку кастрычніка дату магчымай паездкі спецпасланніка Трампа агучыў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Ён быў значна больш асцярожны ў прагнозах: прыехаць Коул можа да канца года, але «адносіны паміж краінамі настолькі дынамічныя, што чакаць можна ўсяго».
За гэты час у ЗША даплыла першая партыя калійных угнаенняў з Беларусі і стала вядома пра ціск з боку адміністрацыі Трампа і асабліва Коула на Літву, каб транзіт ішоў праз яе парты.
Але пры гэтым пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў прызнаў, што «запазычанасць за раней пастаўлены калій», заблакаваная ў Citibank у ЗША, так і не была размарожана. Хаця Мінск і пачаў атрымліваць нейкую іншую запазычанасць, за што і ў якім памеры — не ўдакладняецца.
На перамовным шляху ўзніклі пэўныя перашкоды. Якія?
Дату новага візіту Джона Коула сёння цяжка прадказаць, сказаў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.
«Цяжка адказаць на пытанне, калі можа быць новы візіт. Джон Коул абвясціў, што ён адбудзецца праз месяц. Гэта яго заява была ў сярэдзіне верасня, значыць, павінен быў з’явіцца ў сярэдзіне кастрычніка. Ужо пачаўся лістапад, а візіту няма і інфармацыі пра яго таксама няма», — апісаў сітуацыю эксперт.
Карбалевіч разлічвае, што перамоўны працэс «будзе мець працяг, хоць на яго шляху і ўзніклі пэўныя перашкоды».
Эксперт кажа, што прычыны паўзы як палітычныя, так і ў пэўным сэнсе тэхнічныя. «Палітычныя прычыны заключаюцца ў тым, што ёсць пэўнае непаразуменне, нейкія завышаныя чаканні, якія не спраўдзіліся, і высвятляецца, што для Злучаных Штатаў тэма Беларусі не самая галоўная», — адзначыў Валер Карбалевіч.
Ён нагадаў пра нараду 22 кастрычніка ў Аляксандра Лукашэнкі адносна перамоваў са Злучанымі Штатамі. Там, паводле слоў беларускіх чыноўнікаў, «выявілася», што ЗША «не выконваюць тыя абавязацельствы, якія ўзялі на сябе».
«Як сказаў Рыбакоў, выкананы толькі адзін пункт — зняцце санкцый з кіраўніка „Беларуськалія“. Пасля гэтага з’явілася інфармацыя, што з авіяцыйнымі праблемамі нібыта ёсць пэўны зрух, нібыта кампанія „Боінг“ гатовая аднавіць супрацоўніцтва з Беларуссю. Але амерыканскі бок не спяшаецца выконваць тыя пункты, якія былі ўзгодненыя», — адзначыў Карбалевіч.
Тэхнічнай прычынай ён называе чаканне Джонам Коулем прызначэння на новую пасаду, для якой патрэбнае ўзгадненне Сената, дзе цяпер ідуць выбары. Да таго ж правядзенне працэдуры запатрабуе перамоваў з ключавымі фігурамі Кангрэса, камітэтаў, высілкаў, лабізму. «Таму ў Джона Коула цяпер не надта ёсць час, каб ездзіць у Мінск», — дадаў палітычны аглядальнік.
Таксама ёсць пытанне, ці хопіць у яго сіл, каб паралельна «займацца і Беларуссю, і Расіяй, і іншымі рэгіёнамі». «У свеце даволі шмат краін, дзе ёсць палітвязні», — нагадаў Карбалевіч. Паводле яго, гэта, магчыма, мінус для вызвалення беларускіх палітвязняў, а з другога боку, не выключана, што ў Коула з’явіцца штат супрацоўнікаў.
Галоўная тэма для беларусаў у такіх перамовах — вызваленне палітвязняў
Калі ж Коул даедзе да Мінска, для нас галоўнай тэмай такіх перамоваў будзе вызваленне палітвязняў, перакананы Валер Карбалевіч. Са свайго боку Лукашэнка спрабуе злавіць амерыканцаў «на нейкі камерцыйны інтарэс».
«Беларускі калій. Адно судна ўжо прыбыло ў амерыканскі порт Нью-Арлеан, а другое нібыта ўжо загружаецца або ўжо загружана. Хоць Лукашэнка зусім нядаўна казаў, што няма ў нас лішняга калію, усё закантрактавана, і таму амерыканцам давядзецца пачакаць. А цяпер высвятляецца, што зусім не так: ужо другое судна загружаецца», — адзначыў Карбалевіч.
Сярод іншых прапаноў Лукашэнкі: Нежынскае калійнае радовішча, азотны камбінат «у долі з Расіяй».
«Пакуль што можна выказаць здагадку, што гэта не надта зацікавіла амерыканцаў, — адзначыў палітычны аглядальнік. — А пасля выбараў, думаю, і тэма беларускага калію на амерыканскім рынку таксама не будзе вельмі актуальнай. Яна была актуальная напярэдадні выбараў, каб такім чынам зрабіць піяр на гэтым з боку адміністрацыі прэзідэнта ЗША. А цяпер, магчыма, цікавасць паменшыцца, бо лагістыка паставак калію на амерыканскі рынак даволі складаная, і наўрад ці ён будзе таннейшы за той, які ЗША купляюць у Канадзе».
Суразмоўца лічыць, што «цяпер беларускі бок больш зацікаўлены ў гэтым перамовым працэсе, чым амерыканскі».
«Па шэрагу прычын, бо з дапамогай гэтага перамоўнага трэку з ЗША беларускі бок імкнецца вырашыць шэраг праблем на заходнім напрамку, у тым ліку на еўрапейскім. Пакуль што атрымліваецца не надта, і таму беларускі бок крыху нервуецца і спрабуе неяк паскорыць, але пакуль што ёсць тое, што ёсць», — падсумаваў Валер Карбалевіч.
Праблемы камунікацыі Мінск — Вашынгтон
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у эфіры «Белсату» заявіў, што калі б атрымалася, Коул прыехаў бы да выбараў, «нягледзячы на ўнутраную амерыканскую павестку».
«Значыць, праблема была ў камунікацыі афіцыйнага Мінска і Вашынгтона», — робіць выснову эксперт. Ён нагадаў, што паўзы і раней здараліся, часам вялікія, акрамя таго «мы чакалі 200 палітвязняў, а ён вызваліў толькі 25».
«Я прагназую, што ўсё ж такі Коул прыедзе, хоць кожны раз з’яўляюцца людзі, якія кажуць, што гэта апошні прыезд. Я і ўлетку казаў, і цяпер мне падаецца, што яшчэ будзе», — адзначыў Цыганкоў, але не ўзяўся каментаваць будучыя вынікі такіх перамоваў.
Акрамя таго, ён не бачыць сувязі гэтага прыезду з выбарамі ў ЗША: «3 лістапада — гэта дзень выбараў у ЗША. Пакуль абяруць, пакуль усё гэта прыйдзе да працы ў Кангрэс і Сенат, ён можа ў гэты час яшчэ прыехаць у лістападзе».
Эксперт таксама прапануе не перабольшваць уплыў перамоваў на выбары.
«Часам людзі кажуць: была б тут якая-небудзь маленькая яшчэ перамога на беларускім напрамку — гэта магло б дапамагчы Трампу. Амерыканскіх выбарцаў хвалюе інфляцыя, цэны на бензін, вайна з Іранам. А тут скажуць: „У Беларусі вызвалілі — усё, галасуем за Трампа“. Я жартую. Тым больш, што выбары не прэзідэнцкія», — іранізуе Віталь Цыганкоў.
Ён кажа, што новы склад Кангрэсу, хутчэй за ўсё, будзе даволі апазіцыйным да Трампа, таму між іншым некаторыя пытанні, звязаныя з санкцыямі супраць Расіі і Беларусі, «могуць ужо сустракаць не такое разуменне, як раней».