BE RU EN

У Польшчы пройдуць вучэнні 11 саюзнікаў Кіева з «кааліцыі ахвотных»

  • 3.11.2026, 16:57

Манеўры стануць першымі буйнымі вучэннямі Шматнацыянальных сіл для Украіны.

Вайскоўцы з Германіі і яшчэ 10 краін, якія ўваходзяць у «кааліцыю ахвотных», з 9 па 22 лістапада возьмуць удзел у ваенных вучэннях пад назвай Koalicja ў Польшчы і Турцыі з мэтай адпрацаваць дзеянні па забеспячэнні доўгатэрміновага міру ва Украіне. Пра гэта паведаміў урад Вялікабрытаніі на сваім сайце ў аўторак, 3 лістапада, перадае Deutsche Welle.

Паведамляецца, што Злучанае Каралеўства і Францыя будуць сумесна кіраваць гэтымі манеўрамі. Акрамя гэтых дзвюх краін і Германіі, да вучэнняў далучацца Бельгія, Эстонія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Іспанія, Швецыя і Турцыя. Усяго ў «кааліцыі ахвотных» — 35 дзяржаў.

«Маштабныя вучэнні правераць гатоўнасць саюзнікаў падтрымаць Украіну і аднавіць яе ўзброеныя сілы пасля заканчэння канфлікту (вайны Расіі супраць Украіны. — Рэд.)», — адзначаецца ў прэс-рэлізе ўрада Вялікабрытаніі.

Першыя буйныя сумесныя вайсковыя вучэнні краін з «кааліцыі ахвотных»

Манеўры Koalicja стануць першымі буйнымі вучэннямі, якія праводзяць Шматнацыянальныя сілы для Украіны (Multinational Force Ukraine, MNF-U) — ваенным падраздзяленнем аб’яднання саюзнікаў Украіны пад назвай «кааліцыя ахвотных».

Вучэнні будуць праходзіць на зямлі, на вадзе і ў паветры з удзелам 2800 вайскоўцаў. З боку Вялікабрытаніі будуць задзейнічаны 300 салдат, а таксама знішчальнікі Каралеўскіх ВПС Typhoon і самалёты Voyager, зазначае Лондан. Знішчальнікі, у прыватнасці, правядуць імітацыю таго, як яны будуць забяспечваць бяспеку камерцыйных пералётаў, калі неба над Украінай зноў будзе адкрыта, вынікае з паведамлення.

Сваёй чаргой, турэцкія Узброеныя сілы возьмуць на сябе марскую складовую вучэнняў у Стамбуле, каб адпрацаваць дзеянні ў межах дамоўленасцей аб размініраванні марской акваторыі, дасягнутых з мэтай забяспечыць бяспечнае вяртанне гандлёвых судоў у парты Украіны.

Падкрэсліваецца, што сілы MNF-U ўвойдуць на тэрыторыю Украіны толькі ў выпадку спынення ваенных дзеянняў і толькі па запыце ўрада ў Кіеве. «Яны не будуць выконваць функцыю міратворцаў або ажыццяўляць нагляд за захаваннем рэжыму спынення агню», — падкрэслівае Лондан.

Апошнія навіны