BE RU EN

Пяць краін адмовіліся гуляць з Расіяй на ЧС-2027 па хакеі

  • 3.11.2026, 19:10

Каманду РФ дапусцілі да турніру ў канцы кастрычніка.

Зборныя Даніі, Латвіі, Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі па хакеі з шайбай адмовіліся на маючым адбыцца чэмпіянаце свету гуляць з нацыянальнай камандай Расіі, якую Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту (IIHF) абавязаная дапусціць да турніру паводле рашэння Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) у Лазане. Пра гэта ў аўторак, 3 лістапада, паведаміла DW са спасылкай на агенцтва Reuters.

«Выхадзячы з бягучай сітуацыі і наяўнай на сёння інфармацыі, Нарвегія не будзе гуляць супраць Расіі на чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Германіі ў маі 2027 года. Астатнія матчы ў групе адбудуцца ў звычайным рэжыме», — адзначана ў заяве Нарвежскай хакейнай федэрацыі. У арганізацыі лічаць, што «Расія павінна быць адхіленая ад удзелу ва ўсіх міжнародных чэмпіянатах да тых часоў, пакуль працягваецца вайна ва Украіне».

Пра адмову гуляць з Расіяй заявілі і ў Шведскім хакейным саюзе, адзначыўшы, што дамовіліся з «шэрагам іншых краін» абвясціць пра рашэнне разам. У Латвійскай хакейнай федэрацыі таксама сказалі, што апошнімі днямі працавалі над выпрацоўкай адзінай пазіцыі «ў цесным супрацоўніцтве» з прадстаўнікамі Фінляндыі, Нарвегіі і Даніі.

CAS напрыканцы мінулага тыдня пастанавіў дапусціць зборныя РФ да міжнародных чэмпіянатаў у сезоне 2026/2027, задаволіўшы адну з апеляцый Федэрацыі хакея Расіі (ФХР). У IIHF абавязаліся выканаць гэтае рашэнне, але заявілі, што расчараваныя ім і лічаць адхіленне неабходнай мерай для «забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў і захавання цэласнасці і сумленнасці спаборніцтваў».

Незадаволенасць рашэннем CAS выказалі і ў Нямецкім хакейным саюзе (DEB). «Наша пазіцыя застаецца нязменнай: мы выступаем супраць вяртання расійскіх нацыянальных зборных на міжнародныя хакейныя турніры. …> Гэтае рашэнне кардынальна змяняе зыходную сітуацыю адносна чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2027 года ў Германіі. Допуск Расіі да ўдзелу цягне за сабой для нас, як для прымаючага боку, істотныя наступствы ў сферах бяспекі, палітыкі і эканомікі», — гаворыцца ў заяве кіраўніка праўлення DEB Франка Луца.

Чэмпіянат свету па хакеі 2027 года адбудзецца з 14 па 30 мая на арэнах у Дзюсельдорфе, Гельзенкірхене і Мангейме. Дзве групы яго ўдзельнікаў, па 8 зборных у кожнай, былі сфармаваныя вясной 2026 года без Расіі і Беларусі. Было таксама зацверджана поўнае распісанне гульняў, а ў кастрычніку стартаваў продаж квіткоў на матчы. Пры допуску РФ арганізатарам, як пісалі СМІ, верагодна, давядзецца адхіліць ад удзелу найслабейшую паводле рэйтынгу каманду — зборную Украіны, якая адбралася на турнір упершыню з 2007 года.

Апошнія навіны