Румынія больш не залежыць ад расійскага газу
- 3.11.2026, 19:29
Бухарэст намерваецца адмовіцца ад яго закупак нават пасля вайны РФ ва Украіне.
Румынія больш не залежыць ад расійскага газу і намерваецца адмовіцца ад яго закупак. Пра гэта заявіў дзяржсакратар Міністэрства энергетыкі краіны Марыус Поша на канферэнцыі ADIPEC.
Паводле яго слоў, наяўных у рэгіёне рэсурсаў дастаткова, каб забяспечыць патрэбы краіны. Пры гэтым Поша адзначыў, што далейшае развіццё сітуацыі на міжнародным рынку застаецца непрадказальным з-за магчымых новых санкцый.
«Мы больш не залежым ад расійскага газу — спраўляемся і без яго», — сказаў ён. Дзяржсакратар падкрэсліў, што Румынія не звязвае магчымасць адмовы ад расійскага паліва з заканчэннем вайны ва Украіне.
Нават калі міжнародныя нормы і санкцыйныя абмежаванні дазволяць закупаць газ з Расіі, Бухарэст намерваецца абыходзіцца без яго. «На дадзены момант мы рыхтуемся да таго, каб больш не выкарыстоўваць расійскі газ», — падсумаваў Поша.