Пад Самарай другія суткі гарыць адно з найбуйнейшых сховішчаў нафты ў Еўропе
- 3.11.2026, 22:02
Яго атакавалі ўкраінскія дроны.
У Самарскай вобласці другія суткі трывае пажар на атакаванай дронамі ЛПДС «Самара» — адным з найбуйнейшых у Еўропе паркаў паліўных рэзервараў, дзе перасякаюцца чатыры магістральныя нафтаправоды. Пра гэта піша Astra са спасылкай на кадры ад відавочцаў. Паводле відэа, апублікаваных выданнем і ўкраінскімі маніторынгавымі каналамі, над паражанымі сховішчамі, што знаходзяцца за 30 кіламетраў ад Самары, падымаецца велізарнае воблака дыму. Станцыя, якая мае 71 ёмістасць агульным аб’ёмам больш за 1,6 млн кубаметраў нафты, трапіла пад удар БПЛА раніцай 2 лістапада. Самарскі губернатар Вячаслаў Федарышчаў паведамляў толькі пра «адбіццё атакі ЗСУ» і працу сістэм СПА.
ЛПДС «Самара» кампаніі «Транснефть» — найбуйнейшы ў РФ нафтавы транспартны і размеркавальны хаб, які выкарыстоўваецца для прыёму, захоўвання і далейшага транспартавання нафты. Плошча аб’екта, на якім сыходзяцца нафтаправоды «Альмет’еўск — Куйбышаў», «Калтасінскі — Куйбышаў», «Ніжневартаўск — Курган — Куйбышаў» і «Гур’еў — Куйбышаў», — больш за 216 гектараў. Пасля атакі і пажару, які быў бачны нават з космасу, часова спынялася перакачка казахстанскай сыравіны, што ідзе на экспарт, па нафтаправодзе Атырау — Самара, паведамлялі ўлады рэспублікі. У канцы кастрычніка ЗСУ аднавілі ўдары па расійскай нафтавай галіне, паразіўшы як мінімум чатыры НПЗ у некалькіх рэгіёнах.
30 кастрычніка пад удар трапіў Новакуйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод «Раснафта», 31 кастрычніка — НПЗ «Башнафта» ў Уфе, 1 лістапада — НПЗ «Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз» (НОРСІ) у Ніжагародскай вобласці, а напярэдадні пасля атакі ўспыхнуў Нова-Яраслаўскі НПЗ («Слаўнафта-ЯНОС») — адзін з пяці найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі. Украіна амаль на два тыдні прыпыняла налёты на НПЗ пасля патрабавання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа не біць па расійскай вытворчасці дызельнага паліва.