BE RU EN

Беларускія медыкі ўпершыню выратавалі маляня з найрэдшай ураджанай заганай развіцця

  • 4.11.2026, 6:11

Шанцы выжыць ацэньваліся ў 5–6%.

У Беларусі лекары ўпершыню выратавалі нованароджанага, у якога адсутнічала палова дыяфрагмы і быў парок сэрца. Маляняці правялі дзве складаныя аперацыі, а да гэтага падключылі да апарата, які часова выконваў функцыі сэрца і лёгкіх. Зараз дзіця ўжо дыхае самастойна і рыхтуецца да выпіскі, паведамілі БелТА ў РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Паводле слоў медыкаў, такая цяжкая загана дыяфрагмы практычна несумяшчальная з жыццём: без неабходнай дапамогі дзеці паміраюць у першыя гадзіны пасля нараджэння. Сітуацыю ўскладняла і наяўнасць у маляняці пароку сэрца.

Каб стабілізаваць стан дзіцяці, лекары падключылі яго да апарата ЭКМА — экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі. Ён часова забяспечваў насычэнне крыві кіслародам і падтрымліваў кровазварот, дазваляючы жыццёва важным органам працаваць.

Праз некалькі дзён хірургі правялі першую аперацыю: аднавілі адсутную частку дыяфрагмы, выкарыстаўшы ўласныя мышцы дзіцяці. Яшчэ праз тыдзень маляняці зрабілі другую аперацыю — на сэрцы.

«Гэты выпадак — першы ў Беларусі, калі дзіця з такой рэдкай цяжкай заганай выжыла. Лепшыя буйныя цэнтры свету пры наяўнасці высокакваліфікаваных спецыялістаў і адпаведнага абсталявання даюць не больш за 5–6% выжывальнасці, і гэта пры адсутнасці пароку сэрца», — расказалі ў РНПЦ.

У лячэнні ўдзельнічала вялікая каманда спецыялістаў: рэаніматолагі, дзіцячыя хірургі, кардыяхірургі і лекары, якія адказваюць за экстракарпаральны кровазварот.

У выніку маляня змагло перайсці на паўнавартаснае самастойнае дыханне. Цяпер ягоны стан дазваляе рыхтавацца да выпіскі з бальніцы.

Апошнія навіны