BE RU EN

Гэта бадай што адзіны раз, калі Пуцін не схлусіў

  • Сяргей Фурса
  • 4.02.2026, 18:04

Кіраўнік Крэмля можа надуваць шчакі, але грошай на вайну ўсё меней.

Украінцы смяюцца з фразы Пуціна пра тое, што падзенне эканомікі ў Расіі ў 2025 годзе было планавым і рукатворным. Гэта, вядома, можа гучаць гэтак жа вар'яцка, як баявыя камары і захоплены Куп'янск. Як «усё ідзе паводле плану». Але парадокс у тым, што тут Пуцін не хлусіць.

Што стала асноўным фактарам эканамічнага падзення ў Расіі ў 2025 годзе? Высокая ўліковая стаўка. Якую свядома задраў да вельмі высокага ўзроўню расійскі Цэнтральны банк. Чаму? Можа, Набіуліну завербаваў Буданаў і таму яна свядома шкодзіць эканоміцы Расіі? Вось і ўсе расійскія алігархі цэлы год скардзіліся, што іх душаць.

На жаль, не. На жаль, у расійскім Цэнтральным банку сядзяць разумныя людзі. Яны ўбачылі значнае паскарэнне інфляцыі на фоне фінансавання вайны і выдаткоўвання тоннаў грошай на фінансаванне арміі. І няма большага ворага для эканомікі, чым інфляцыя, што выходзіць з-пад кантролю. І таму яны цалкам свядома пайшлі на падаўленне эканамічнай актыўнасці, у першую чаргу праз банкаўскае крэдытаванне, каб пабараць інфляцыю. І трэба аддаць ім належнае — ім удалося дасягнуць адноснага поспеху.

Таму так, сапраўды, гэта праўда. Што расійскія ўлады свядома выбралі гэты шлях. Ці можа на ім нешта пайсці не так? Вядома, можа. Але пакуль гэта бадай што адзіны раз, калі Пуцін не схлусіў.

Ці азначае гэта, што расіяне могуць ваяваць вечна? Вядома, не. Па-першае, няхай паспрабуюць аднавіць рост без паскарэння інфляцыі на фоне пакуль што абмежаванага запуску друкарскага станка, які неабходны для фінансавання вайны. А па-другое, здольнасць або няздольнасць Расіі весці вайну залежыць не ад дынамікі ВУП, а ад наяўнасці грошай у бюджэце. Вядома, паміж гэтым ёсць карэляцыя. Але маштаб выклікаў несуразмерны. Няхай ВУП упадзе на пэўны працэнт. Грошай бракуе на парадак больш. Тым больш што з лістапада па студзень абваліліся нафтагазавыя даходы. І ў студзені яны знізіліся ўдвая. Павялічваючы і без таго велізарны дэфіцыт бюджэту, які ўжо цяжка фінансаваць з «тумбачкі», бо грошы там амаль скончыліся.

Так, заўсёды ёсць друкарскі станок. Але ж мы бачым прыярытэт — барацьбу з інфляцыяй. А з інфляцыяй цяжка змагацца, друкуючы шалёныя аб'ёмы рублёў.

Таму Пуцін, вядома, можа надуваць шчакі. Але рэсурсаў становіцца ўсё меней і меней. І таму ён ідзе на «халадомор» Кіева. Бо яму трэба як мага хутчэй праціснуць ідэю капітуляцыі Украіны. Пакуль яшчэ на фронце не адчулі скарачэння выдаткаў на вайну на дзясяткі працэнтаў. Бо калі гэта здарыцца, наступаць стане значна цяжэй. І тады не будзе чым абгрунтоўваць ідэю капітуляцыі.

Таму ўкраінцы чакаюць вясну. Бо тады эфект ад удараў Пуціна па энергетыцы будзе адчувацца меней. А эфект ад скарачэння выдаткаў расіянамі — большы.

Сяргей Фурса, Facebook

Апошнія навіны